Скандальная фрэска з выяваю "вожыка" замест Хрыста б'е рэкорды папулярнасці


Іспанка Сэсілья Гімэнэс за некалькі тыдняў зрабілася сапраўднаю зоркаю. 85-гадовая жанчына праславілася тым, што «абнавіла» фрэску ХІХ ст. у парафіяльным касцёле іспанскага гораду Борха.

Жанчына неяк заўважыла, што фрэска з выяваю Езуса паблякла, і вельмі пераймалася з гэтай нагоды. Яна прынесла ў касцёл фарбы і дамалявала пэндзлем дэталі, якіх, на ейную думку, не ставала.

Дагэтуль жанчына малявала толькі на тканіне, таму вынік атрымаўся нечаканым. Шакаваныя прыхаджане параўноўвалі выяву Хрыста з вожыкам або валасатаю малпаю. Няўдалай «рэстаўратарцы» пагражае крымінальная справа.

Спадарыня Сэсілья настойвае, аднак, што абнавіць роспіс ёй дазволіў святар. Духоўнік паверыў у добрыя намеры і мастацкія здольнасці сваёй прыхаджанкі, імкнучыся, імаверна, крыху ашчадзіць на працы адмыслоўцаў.

«Папраўленая» фрэска вельмі хутка набыла папулярнасць, а ў касцёл пацягнуліся шматлікія турысты, якія на ўласныя вочы хацелі пабачыць «шэдэўр» 85-гадовай жанчыны.

На незвычайную выяву Хрыста адрэагаваў таксама інтэрнэт. Польскія карыстальнікі сацыяльных сетак стварылі нават адмысловую старонку ў «Facebook» пад назваю «Малюткі Вожык» («Jeżuś Malusieńki»), у якой выкарыстаная гульня словаў, заснаваная на падабенстве імя Езус і польскага слова «вожык».

Карыстальнікі выставілі шматлікія «фотажабы», на якіх знакамітыя творы жывапісу і скульптуры займелі новае мастацкае аблічча. Сярод іх – Мона Ліза, статуя Хрыста ў Рыа-дэ-Жанэйра, Адам пэндзля Мікеланджэла з Сікстынскай капліцы ды інш.

Belsat.eu

Стужка навінаў