Незвычайны трэнд: камп’ютары ў стылі Людовіка XVI


Стваральнікі камп’ютараў з пазалочаным маніторам пераконваюць, што гэта добрая інвестыцыя ў часы крызісу.

Навінку днямі прэзентавала французская кампанія, якая месціцца непадалёк Парыжу. Некалькі гадоў таму яна пачала распрацоўваць камп’ютары, якія б арганічна выглядалі ў інтэр’ерах Версалю.

Заснавальнік кампаніі, нарадзінец Румыніі Джорджэ Кірыцэ, кажа, што гэтак нарадзілася ідэя ствараць на замову аргтэхніку, якая пасавала б да розных інтэр’ераў. Але ўрэшце камп’ютар з рэчы, якая не мусіла пярэчыць агульнаму стылю, сам зрабіўся ўпрыгажэннем. Дзеля натхнення дызайнер звярнуўся да архіваў французскага дызайну.

Такім чынам, сёння залаты камп’ютар даступны ў трох стылях: Людовіка XV, Людовіка XVI і часоў Імперыі. Самы танны экземпляр з мармуровым корпусам, пазалочаным маніторам і клавіятураю ў скураным футляры каштуе 17 тыс. еўраў. Шыкоўны вонкавы выгляд не азначае, што стваральнікі эканомяць на праграмным забеспячэнні – выкарыстоўваецца найноўшае.

Джорджэ Кірыцэ мяркуе, што ягоная прадукцыя – гэта добрая інвестыцыя з увагі на пазалочаны корпус. Дарэчы, большасць кліентаў прадпрымальнага румына паходзяць з Кітаю і краінаў Блізкага Усходу.

Не выключана, што хутка да іх далучыцца і брытанскі каралеўскі двор. На брыльянтавы юбілей каралевы Элізабэт ІІ Джорджэ Кірыцэ зрабіў ёй падарунак: флэшку, упрыгожаную выяваю ліліі – сімвалам каралеўскай улады, – і нават атрымаў ліст з падзякаю.

belsat.eu

Стужка навінаў