Затрыманыя адміністратары сацыяльных сетак: першыя прысуды (Абноўлена)


Паўлу Еўціхіеву і Андрэю Ткачову вынеслі прысуд, Рамана Пратасевіча і Алега Шрамука адпусцілі, Сяргею Бяспалаву ўдалося схавацца ад пераследу.

Як паведамляе Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Паўла Еўціхіева, якога ўчора затрымалі першым, суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў пяцідзённым арыштам. Нагадаем, спачатку актывіста дапытвалі дома ў прысутнасці маці, якую прывезлі з працы людзі ў цывільным. Сілавікоў цікавіла дачыненне Паўла да суполкі «ВКонтакте» «Ляпис Трубецкой – бесплатный концерт в Минске» і паролі ад яе. На ўсе пытанні ён адказваў: «Не ведаю нікога і нічога, а пра сяброў сведчыць не буду».

Стваральніка суполкі «ВКонтакте» «Только ШОС!» Андрэя Ткачова забралі на допыт з кватэры ягонай дзяўчыны, дзе прайшоў ператрус. Актывіста абвінавацілі ў дробным хуліганстве і далі тыдзень арышту.

Менчука Рамана Пратасевіча, ініцыятара правядзення канцэрта ад імя згаданай суполкі, адпусцілі пасля чатырохгадзіннага допыту са збіццём. Адміністратыўнага арышту хлопцу прысудзіць не маглі, бо яму яшчэ не споўнілася 18 гадоў.

{movie}Раман Пратасевіч: нашыя затрыманні – падарунак Лукашэнку на дзень народзінаў|left|6108{/movie}Затрыманага ў Віцебску стваральніка суполкі «ВКонтакте» «Надоел нам этот Лукашенко» Алега Шрамука спачатку павезлі ў Кастрычніцкі РАУС. Адтуль – у інспекцыю выканання пакаранняў і пасля допыту адпусцілі. Дапыталі і ягоную жонку Алесю Шрамук.

Cяргею Бяспалаву, якога папярэдзілі сябры, удалося пазбегчы затрымання. Ён выскачыў праз вакно кватэры, у якой быў, якраз падчас тэлефоннай размовы з карэспандэнтам charter97.org. Дзе ён цяпер – не вядома. Cёння раніцай паведаміў парталу, што знаходзіцца ў бяспечным месцы ў Расеі.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч прычынаю спецаперацыі называе хваравітую рэакцыю ўладаў на заклікі да байкоту выбараў.

Belsat.eu

Стужка навінаў