Саннікаў у цяжкім стане, пра Някляева няма інфармацыі


Кандыдат на прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў моцна збіты і “ўяўляе з сябе жудаснае відовішча”. Пра гэта паведаміў БелаПАНу адвакат палітыка Павел Сапелка. Пра стан здароўя Уладзіміра Някляева няма інфармацыі.

Адвакат сустракаўся са сваім падабаронным увечары 20 снежня. Паводле словаў Сапелкі, Саннікаў, збіты падчас акцыі ў Менску 19 снежня, “практычна не можа хадзіць”. “Нага ў яго ці моцна выцятая, ці вывіхнутая. Яму там нават не паставілі дыягназу, хоць у мяне склалася ўражанне, што яна можа быць і зламаная. Акрамя гэтага, яго білі па галаве, таму аддаленыя наступствы адчуваюцца. Траўмаваныя ў яго і рукі – на іх гематомы”, – сказаў адвакат.

Ён паведаміў, што падчас допыту Саннікаў заявіў хадайніцтва “аб накіраванні на медычны агляд на прадмет усталявання ступені цяжкасці цялесных пашкоджанняў”. “Па выніках гэтага агляду мы будзем, напэўна, падаваць скаргу ў пракуратуру для таго, каб прыцягнуць да адказнасці тых асобаў, якія абсалютна нематывавана ўжылі сілу ў дачыненні Саннікава. Паводле маіх уяўленняў пра законнасць, яго мусілі адправіць на агляд неадкладна”, – падкрэсліў Сапелка.

“Паводле сталай практыкі праваахоўных органаў, каб пазбавіць мяне магчымасці інфармаваць грамадскасць пра стан справаў, з мяне па добрай традыцыі ўзялі падпіску аб невыдаванні дадзеных папярэдняга расследавання”, – паведаміў адвакат. “Але гэта не перашкаджае мне заявіць аб тым, што спадар Андрэй абсалютна невінаваты, і падазрэнні, выстаўленыя ў дачыненні яго, абсалютна не маюць пад сабою падставаў. Усе падзеі падчас масавай акцыі мы, бок абароны, лічым яўнаю правакацыяй”, – падкрэсліў Павел Сапелка.

Дагэтуль невядома пра стан здароўя яшчэ аднаго кандыдата на прэзідэнта – Уладзіміра Някляева. Ён таксама быў жорстка збіты спецназаўцамі падчас акцыі 19 снежня і дастаўлены ў Бальніцу хуткай медычнай дапамогі. Праз некалькі гадзінаў невядомыя людзі ў цывільным выкралі палітыка з рэанімацыйнай палаты на вачах у ягонай жонкі.

Галоўны доктар бальніцы Віктар Сірэнка паведаміў журналістам, што Някляеву дыягнаставалі “ўдары мяккіх тканак твару і гематому калявочнай вобласці – іншых пашкоджанняў не выяўлена”. Аднак блізкія Някляева мяркуюць, што ў яго больш сур’ёзны дыягназ, бо ён заставаўся без прытомнасці 7 хвілінаў, яго змясцілі ў аддзяленне рэанімацыі, палітык і не мог стаяць на нагах.

Адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка пакуль не можа сустрэцца са сваім падабаронным, таму пра ягоны цяперашні стан не вядома.

Абодва кандыдаты знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.

belsat.eu

Стужка навінаў