Юрый Хашчавацкі: Паэты заточак не носяць


Напад на Дом ураду быў добра спланаванаю акцыяй – упэўнены рэжысёр Юрый Хашчавацкі. На ягоную думку, пра гэта можа сведчыць і тое, што ў патрэбным месцы і ў патрэбны час аказаліся камеры дзяржаўнага тэлебачання.

“АНТ вельмі добра падрыхтаваліся менавіта да гэтых здымкаў, – кажа Юрый Хашчавацкі. – Я не кажу пра камеры спецслужбаў, я кажу пра “бэтэшныя” камеры, якія побач. І не адна камера, а шмат камераў, якія былі папярэджаныя пра гэта, якія ведалі, каля якіх вокнаў стаяць. Ну і гэтыя хлопцы, што крышаць вокны – занадта ў іх вайсковая выпраўка. Відавочна, што гэта людзі са спецслужбаў”.

У адным з матэрыялаў АНТ, прысвечаным падзеям на плошчы Незалежнасці, сцвярджаецца, што на месцы падзеяў застаецца Уладзімір Някляеў, хоць той ужо некалькі гадзінаў як быў у шпіталі. “Яны хлусяць і кажуць супрацьлеглыя рэчы нават у адным і тым жа рэпартажы”, – падкрэслівае Юры Хашчавацкі.

“Гэтыя метады вядомыя – мы іх ведаем яшчэ з 2006 года, калі здымалі намёты, у якія падкідвалі порначасопісы, шпрыцы. Тое ж самае яны робяць і тут, калі спыняюць машыну, а потым накідваюць туды і газавых балончыкаў і заточкі, – кажа Юрый Хашчавацкі. – Паэты заточак не носяць! І фомак паэты не носяць. Гэта носяць тыя самыя хлопцы ў чорных шапачках, якімі цяпер перапоўнены горад і паслугамі якіх карыстаецца ўлада, каб нармальных, сумленных, шчырых грамадзянаў запалохаць. Гэта відавочна”.

belsat.eu

Стужка навінаў