Аляксандр Лагвінец: Кіраўніцтву Расеі не патрэбная дэмакратыя ў Беларусі


Крэмль дапускае выпады на адрас Лукашэнкі, каб трымаць яго на кароткай шворцы.

Палітолаг Аляксандр Лагвінец кажа, што крытыка на адрас Аляксандра Лукашэнкі з боку расейскіх журналістаў не магла з’явіцца без санкцыі Крамля. Аднак мэта такой палітыкі – “паслабіць Лукашэнку, зрабіць яго больш згаворлівым, каб ён выконваў тое, што трэба Расеі ў Беларусі”.

27 снежня журналісты расейскай “Новой газеты” зладзілі пікет каля беларускай амбасады ў Маскве. Яны апранулі турэмныя робы на знак пратэсту супраць таго, што ўлады Беларусі трымаюць за кратамі невінаватых журналістаў і простых грамадзянаў.

Карэспандэнткаю “Новай газеты” ў Беларусі працуе Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава. Цяпер яны ў следчым ізалятары КДБ у Менску.

Вось што кажа галоўны рэдактар “Новой газеты” Дзмітрый Муратаў наконт таго, што Расея прызнала вынікі беларускіх выбараў: “Пытанне, як ставіцца Мядзведзеў да Лукашэнкі, – гэта пытанне да Мядзведзева і Лукашэнкі. Мядзведзеў як чалавек, зацікаўлены ў Саюзнай дзяржаве і Мытным саюзе, прызнаў выбары. Нейкага відавочнага захаплення і радасці я не заўважыў”.

З жорсткаю крытыкаю на адрас Аляксандра Лукашэнкі выступілі і расейскія тэлеканалы. НТВ паказаў спецвыданне праграмы “Апошняе слова” пад назваю “Здраджаная рэвалюцыя. Як зрыналі бацьку” журналіста Паўла Селіна.

“Масква нібыта зрабіла жэст і для Лукашэнкі, але ў той жа час яна робіць усё, каб паказаць ягонае сапраўднае аблічча, – кажа Аляксандр Лагвінец. – Аднак наўрад ці сённяшняму расейскаму кіраўніцтву патрэбныя павага да правоў чалавека і дэмакратыя ў Беларусі”.

belsat.eu
https://youtu.be/vb9CesYJl28
https://youtu.be/WDGNOfKAZ9I

Глядзі таксама
Каментары