Мікалай Статкевіч заяўляе, што гатовы да ўдзелу ў выбарах


Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч паведаміў БелаПАН пра “высокую імавернасць” свайго вылучэння кандыдатам на прэзідэнта.

Палітык сказаў, што канчатковае рашэнне будзе прынятае 18 верасня на паседжанні партыі з удзелам рэгіянальных лідараў. Сярод апошніх толькі адзін выказаў сумневы наконт патрэбы ўдзелу ў выбарах кандыдата ад “Народнай грамады”, дадаў ён.

Пры гэтым Мікалай Статкевіч зазначыў, што застаецца прыхільнікам удзелу ў выбарах адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Ён выказаў надзею, што апазіцыйныя лідары хутчэй вызначацца з такою кандыдатураю, калі сутыкнуцца з цяжкасцямі пры зборы подпісаў.

Лідар БСДП(НГ) зазначыў, што існуе магчымасць непрызнання вынікаў выбараў не толькі Еўразвязам, але і Расеяй. Ён мяркуе, што ў гэтай сітуацыі адзіны кандыдат, які заявіць пра фальсіфікацыі ды сваё рэальнае падтрыманне насельніцтвам, мог бы назваць сябе абраным прэзідэнтам. Пры ўдзеле некалькіх апазіцыйных кандыдатаў, на думку Статкевіча, гэта наўрад ці магчыма.

belsat.eu
16.09.2010

Глядзі таксама
Каментары