Адвакатка Някляева: Ні інфаркту, ні інсульту ў яго не было (дадалося відэа)


Увечары 27 снежня адвакатам дазволілі прысутнічаць на допыце экс-кандыдата ў прэзідэнты.

Адвакатам Тамары Сідарэнка і Уладзіміру Букштынаву дазволілі сустрэцца з іх падапечным Уладзімірам Някляевым толькі на 9-ты дзень пасля ягонага затрымання. Увечары 27 снежня яны прысутнічалі на допыце у СІЗА КДБ. Ён доўжыўся каля чатырох гадзінаў. Адвакаты выйшлі з следчага ізалятару а 23 гадзіне.

Нагадаем, што раніцай 27 снежня жонка Някляева Вольга і група дзеячаў беларускай культуры перадалі ў Генеральную пракуратуру і КДБ заяву з патрабаваннем паказаць людзям былога кандыдата ў прэзідэнты, паколькі пайшлі чуткі, што Някляеў мёртвы.

Паводле Тамары Сідарэнка, ні інсульту, ні інфаркту ў яе падапечнага не было. Засталіся наступствы ўдараў, гематома, баліць галава. Ціск крыху нармалізаваўся пасля таго, як яму далі таблеткі, якія ён прымаў на волі. “Гэта значыць стан здароўя не вельмі нармальны, але і не самы дрэнны”, – сказала адвакатка.

Пагаварыць сам-насам з адвакатамі экс-кандыдату не дазволілі. Яны кажуць, што Някляеў адказаў адмоўна на пытанне, ці катавалі яго ў СІЗА.

Тамара Сідарэнка не ведае, калі ўбачыць свайго падапечнага наступны раз. Яна не выключае, што гэта можа здарыцца падчас двух ягоных допытаў: у якасці падазронага і ў якасці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (арт. 293 КК). Падазронымі па ёй праходзяць яшчэ 24 чалавекі, у тым ліку шэсць іншых кандыдатаў у прэзідэнты – Рыгор Кастусёў, Аляксей Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Дзмітрый Вус.

Кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева збілі ўвечары 19 снежня ў Менску на вуліцы Няміга каля офіса кампаніі “Гавары праўду!”, лідарам якой ён з’яўляецца. Гэта здарылася, калі група актывістаў кампаніі накіроўвалася на Кастрычніцкую плошчу — месца збору удзельнікаў апазіцыйнай акцыі пратэсту. Ён трапіў у сталічны шпіталь хуткай медыцынскай дапамогі, адкуль сямёра невядомых у цывільным вынеслі яго ў невядомым напрамку.

belsat.eu

Стужка навінаў