Прадпрымальнікам вернуць працоўную сілу


Апрача сваякоў індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць узяць на працу адну асобу.

Міністэрства эканомікі пацвердзіла, што яно гатовае скасаваць абмежаванне, якое датычыла колькасці наёмных працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў.

Як паведамляюць у прэс-службе Міністэрства эканомікі, падрыхтаваныя змены ва ўказ № 285. “Праект указу прадугледжвае магчымасць для ІП прыцягваць да працы сваякоў, а таксама адну фізічную асобу, незалежна ад таго, ці ёсць яна чальцом сям’і, ці сваяком прадпрымальніка”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

У Беларускім саюзе прадпрымальнікаў (БСП) адзначаюць, што дзякуючы рэформе індывідуальныя прадпрымальнікі забяспечаць працай у сферы гандлю і паслугаў каля 70 тыс. чалавек.

Сябра Рады БСП Таццяна Казлоўская перакананая, што адмяняць норму было немэтазгодна: “У 2007 годзе ўрад патлумачыў гэта зменамі сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Але час паказаў памылковасць такіх рашэнняў. Больш за тое, тысячы чалавек засталіся без працы, дзясяткі за пратэст супраць зменаў адсядзелі ў турме. Міністэрства эканомікі вярнула папраўкі ва ўказ, але хто кампенсуе прадпрымальнікам страты, і калі мы пачуем прабачэнні ад ураду?”

Дарэчы, афіцыйная падстава сёлетніх зменаў – рост “патрэбы ў развіцці рынку працы і яго гнуткасці”.

belsat.eu

Стужка навінаў