Што з Някляевым?


Жонка Уладзіміра Някляева і дзеячы культуры патрабуюць ад Генпракуратуры і КДБ паказаць людзям былога кандыдата на прэзідэнта.

Пад заяваю падпісаліся пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт Сяргей Законнікаў і рэжысёр Уладзімір Колас. Выступаючы перад журналістамі, Уладзімір Арлоў зазначыў, што да Някляева дагэтуль не дапусцілі адваката. “Ходзяць чуткі, што Някляеў мёртвы. Гэта нас вельмі трывожыць, таму мы патрабуем ад пракуратуры і Камітэту дзяржбяспекі паказаць нам паэта і паведаміць, жывы ён ці не”, – заявіў Арлоў.

Сяргей Законнікаў падкрэсліў, што не памятае за ўсё сваё жыццё “такога цынічнага абыходжання з пісьменнікамі”. “Нават у часы Сталіна арыштаваныя пісьменнікі і паэты маглі чытаць, пасылаць лісты, і ўсім было вядома, што з імі здарылася. Цяпер мы не ведаем, у якім стане знаходзіцца Уладзімір Някляеў”, – адзначыў ён.

Аналагічную заяву перадалі раніцаю 27 снежня і ў КДБ.

Раней з патрабаваннем зрабіць неадкладныя захады для вызвалення Уладзіміра Някляева выступілі вядомыя расейскія і беларускія пісьменнікі, а таксама Саюз пісьменнікаў Масквы, міжнародны, беларускі ды польскі ПЭН-цэнтры.

Уладзімір Някляеў быў моцна збіты спецназаўцамі ў Менску вечарам 19 снежня і дастаўлены ў Шпіталь хуткай дапамогі, адкуль яго выкралі невядомыя. З таго часу палітыка і паэта ніхто не бачыў.

Адвакатка Някляева Тамара Сідарэнка ўвесь папярэдні тыдзень беспаспяхова спрабавала сустрэцца са сваім падабаронным у следчым ізалятары КДБ. Яна ўпэўненая ў тым, што яе мэтанакіравана не пускаюць да Някляева.

У СІЗА КДБ таксама ўтрымліваюцца экс-кандыдаты на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Міхалевіч, Мікалай Статкевіч і шматлікія іншыя грамадзяне, затрыманыя падчас масавай акцыі пратэсту ў Менску. Яны падазраюцца ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

Паводле апошніх звестак, падазронымі паводле гэтай крымінальнай справы праходзяць 22 чалавекі: палітыкі, грамадскія дзеячы і нават журналісты. Не выключана, што колькасць падазраваных будзе расці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары