Ператрус у офісе “Еўрарадыё”


У офісе, што месціцца ў Менску на Карла Маркса, вынеслі практычна ўсю аргтэхніку. Кіраўніцтва і працаўнікоў радыё ў гэты момант у рэдакцыі не было.

Як паведаміў “Белсату” рэдактар радыё Віталь Зыблюк, аб тым, што ў офісе праходзіць ператрус, ён даведаўся выпадкова з каментароў у інтэрнэце. “Я адразу ж кінуўся на працу, але заспеў, як выносілі апошнія пакункі”, – распавёў Зыблюк. Паводле журналіста, ператрус праводзілі супрацоўнікі КДБ па Менску і Менскай вобласці. У памяшканні таксама прысутнічалі два міліцыянты і працаўнікі адміністрацыйнага будынку, дзе месціцца офіс.

На якой падставе праходзіў ператрус, працаўнікі КДБ не патлумачылі. Віталю Зыблюку толькі паказалі пратакол ператрусу і спіс сканфіскаваных рэчаў. “Забралі кампутары, ноўтбукі, сэрвер, усяго каля 50 адзінак тэхнікі. У офісе ўсё разгромлена, нібыта тарнада прайшоўся”, – гаворыць журналіст.

Віталь Зыблюк зазначае, што ў офіс рэдакцыі працаўнікі КДБ увайшлі ў адсутнасці кіраўніцтва, скарыстаўшыся ключом, што знаходзіўся ў дзяжурнага вахцёра. “На мае заўвагі патлумачылі, што нашая прысутнасць падчас ператрусу неабавязковая”, – распавядае рэдактар “Еўрарадыё”.

“Еўрапейскае радыё для Беларусі” – міжнародная радыёстанцыя, зарэгістраваная ў Варшаве. Працуе з 2006 года, мае афіцыйную акрэдытацыю пры МЗС Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў