Анатоль Тозік: нам на Алімпіяду ўсяго па 3-4 квіткі ў дзень даюць


Віцэ-прэм’ер Беларусі Анатоль Тозік абверг інфармацыю пра тое, што бясплатныя квіткі на Алімпійскія гульні, якія аргкамітэт вылучыў Расеі і Беларусі, затрыманы на нарвежскім чорным рынку.

Аб тым, што паліцыя затрымала ў Нарвегіі 900 квіткоў, нібыта выпушчаных аргкамітэтам Алімпійскіх гульняў у рамках нацыянальных квот для Расеі і Беларусі з паметкаю «не для продажу», паведаміла агенцтва «Reuters». Паводле ягоных звестак, 455 штук канфіскавалі ў грамадзяніна Польшчы, яшчэ 400 – з паштовага адпраўлення. Прадавала іх нарвежская фірма «Euroteam», якая паспела трапіць у чорны спіс брытанскіх уладаў за нелегальны гандаль.

Бясплатныя квіткі прызначаныя для т.зв. алімпійскай сям’і, куды ўваходзяць чальцы нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, іх спонсары і партнёры.

“Мы бачылі фотаздымкі тых квіткоў, якія распаўсюджваліся ў Нарвегіі. НАК Беларусі такіх квіткоў не атрымліваў ніколі, – пракаментаваў сітуацыю агенцтву «БелТА» Анатоль Тозік, які знаходзіцца ў Лондане. – Поўная хлусня. Нам сёння для спартсменаў, якія хочуць наведаць не свае спаборніцтвы, а іншыя – сваіх сяброў – выдаюць толькі па тры-чатыры квіткі ў дзень. І мы іх тут жа раздаем людзям. Таму яшчэ раз паўтараю: поўная хлусня – лухта! “

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч са спасылкаю на Анатоля Тозіка, па факце з’яўлення ў інтэрнэце фотаздымкаў квіткоў правялі праверку. Яна паказала, што такія квіткі беларускі НАК не атрымліваў.

belsat.eu

Стужка навінаў