Улады просяць Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС аб чарговай дапамозе


Беларусь папярэджвае Антыкрызісны фонд (АКФ) ЕўрАзЭС пра чаканае зніжэнне золатавалютных рэзерваў да $ 6,4 млрд на 1 кастрычніка 2012 г. Да канца года ўлады чакаюць аднаўлення рэзерваў да ўзроўню $ 8 млрд.

“З улікам неабходнасці своечасовага пагашэння Рэспублікаю Беларусь ўнутраных і вонкавых абавязкаў у замежнай валюце ўзровень золатавалютных рэзерваў дзяржавы на 1 кастрычніка 2012 г. складзе не меней за 1,6 месяца імпарту і на 1 студзеня 2013 года – не меней за 2 месяцы імпарту”, – сказана пра намеры ўраду і Нацбанку Беларусі ў лісце на адрас АКФ, які ўлады просяць разглядаць як аснову для прыняцця рашэнняў пра вылучэнне 4-га і 5-га траншаў стабілізацыйнага крэдыту АКФ. Ліст датуецца 13 чэрвеня і апублікаваны на сайце АКФ.

У дакуменце гаворыцца, што эканамічныя ўлады “працягнуць павышэнне золатавалютных рэзерваў дзяржавы да ўзроўню, які запэўнівае эканамічную бяспеку краіны. Гэта дасягнуць як праз прыцягненне наўпроставых замежных інвестыцыяў, гэтак і акумуляваўшы прыватызацыйныя прыбыткі ў аб’ёмах, узгодненых у межах праграмы, якая падтрымліваецца крэдытам АКФ”.

Акрамя таго, у частцы грашова-крэдытнай палітыкі ўлады абяцаюць стрымліваць крэдытную экспансію і грашовую прапанову. Чыноўнікі заяўляюць пра намер захаваць збалансаваны кансалідаваны бюджэт як па выніках 9 месяцаў, гэтак і па выніках года. Выдаткі на заробкі бюджэтнікам не перавысяць ўзроўню 2011 г., які складае 24 % усіх выдаткаў кансалідаванага бюджэту. На чыстае крэдытаванне дзяржаўных праграмаў пойдзе не больш як Br 7 трлн.

У лісце ўлады абяцаюць павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі да ўзроўню, які будзе пакрываць іх сабекошт на 35 %. Паводле звестак АКФ, гэты паказнік па выніках чэрвеня склаў 23 %.

Тарыфы на паслугі транспарту на канец 2012 г. мусяць забяспечыць пакрыццё насельніцтвам не менш за 85 % выдаткаў на аказанне такіх паслуг. Паводле АКФ, у красавіку 2012 года паказнік склаў 34,2 % у Менску і 53 % у вобласцях.

Пры гэтым улады прызнаюць, што “ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь захоўваюцца бюджэтныя і манетарныя рызыкі, звязаныя як з вонкавымі, гэтак і з ўнутранымі фактарамі”. У ліку ключавых рызык яны называюць пагаршэнне кан’юнктуры вонкавых рынкаў і ўмоваў гандлю, недастатковы прыток наўпроставых замежных інвестыцыяў, улучаючы прыбыткі ад прыватызацыі, абмежаваны доступ да вонкавага фінансавання.

“Уразлівасць структуры звонкавых абавязкаў у выніку перавагі кароткатэрміновых крэдытаў і пазык, а таксама наяўнасць вышэйзгаданых рызык ствараюць аб’ектыўную неабходнасць захавання вонкавага падтрымання праграмы ўраду і Нацыянальнага банку з боку Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС ва ўзгодненых раней аб’ёмах”, сказана ў лісце, які падпісалі прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч і кіраўнік Нацбанку Надзея Ермакова.

У ацэнцы ліста ўладаў Беларусі АКФ прапанаваў зацвердзіць гэты дакумент у якасці асновы для маніторынгу і прыняцця рашэння аб вылучэнні двух наступных траншаў. Новую версію ліста аб намерах на 2013 год афіцыйны Менск мусіць падрыхтаваць да моманту вылучэння чацвёртага траншу ў лістападзе 2012 г.

belsat.eu

Стужка навінаў