Выступ Мадонны шакуе жыхароў Варшавы


Сабраныя тысячы подпісаў, каб адмяніць канцэрт спявачкі ў польскай сталіцы.

Увечары 1 жніўня на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве адбудзецца канцэрт вядомай амерыканскай поп-спявачкі Мадонны. Пратэст супраць ейнага канцэрту выказалі прадстаўнікі каталіцкіх і патрыятычных колаў Польшчы.

1 жніўня краіна адзначае 68-я ўгодкі пачатку Варшаўскага паўстання супраць нямецкіх захопнікаў. У 1944 г. жыхары Варшавы, чакаючы дапамогі савецкай арміі, распачалі збройны супраціў. Савецкае кіраўніцтва вырашыла не спяшацца з дапамогаю, і паўстанне было жорстка задушанае. Гісторыкі кажуць пра 16 000 ахвяраў. Палякі мяркуюць, што выступ спявачкі, вядомай сваімі правакацыйнымі паводзінамі, мог бы адбыцца ў іншы дзень.

Падчас папярэдняга візіту Мадонны ў Варшаву ў 2009 г. таксама чуліся галасы незадаволеных, бо ейны выступ прыпаў на каталіцкае свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Чым спявачка напалохала палякаў?

Найбольшы ажыятаж выклікае кплівае стаўленне Мадонны да каталіцтва. Спявачка выкарыстоўвае падчас канцэртаў багатую хрысціянскую сімволіку. Танцоры часцяком убраныя як святары або манашкі. На сцэне выкарыстоўваецца крыж ды імітуюцца хрысціянскія абрады. Мадонна смела дазваляе прыбіваць сябе на сцэне да крыжа.

Спявачка ў сваім шоу паказвае здымкі Гітлера, Аляксандра Лукашэнкі са свастыкаю на галаве, прычым да гэтага шэрагу далучае таксама Сэру Пэйлін і Марын Ле Пэн, што шмат хто ўспрымае неадназначна.

Падчас выканання песняў, прысвечаных барацьбе з гамафобіяй, публіцы дэманструюцца здымкі Папы Рымскага, а таксама геяў, якія скончылі жыццё самагубствам.

У сцэнічных выступах Мадонны часта з’яўляюцца матывы гвалту, вайны і агрэсіі, што, як лічаць некаторыя палякі, можа шкодна адбіцца на ўражлівай псіхіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў