Меркаванне экспертаў: У справе дэсанту знайшліся «стрэлачнікі»


Адмыслоўцы выказаліся пра звальненні ў беларускім войску, выкліканыя скандалам са шведскім дэсантам мядзведзікаў.

Учора Аляксандр Лукашэнка вызваліў са сваіх пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўсага і камандуючага ВПС і войскамі ППА Узброеных сілаў Дзмітрыя Пахмелкіна за неналежнае выкананне службовых абавязкаў. Са сваёй пасадаю развітаўся таксама намеснік прэм’ер-міністра Сяргей Румас. Што на гэты конт думаюць эксперты?

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін лічыць, што звольнілі тэхнічных спецыялістаў, бо Лукашэнка не будзе перад выбарамі пазбаўляцца лаяльных «саноўнікаў» у Міністэрстве абароны і Савеце бяспекі. «Гэта падачка грамадскаму меркаванню. Знайшлі «стрэлачнікаў» і выкінулі на расправу», – сказаў эксперт.

Палітолаг Валер Карбалевіч таксама ўпэўнены, што ўлады знайшлі «ахвярнага казла». Лукашэнка, паводле эксперта, знайшоў выхад, каб павярнуць скандал са шведскім дэсантам у звыклую схему: «добры цар, дрэнныя баяры». Пры нагодзе кіраўнік дзяржавы, кажа Карбалевіч, выкарыстаў шанец, каб пазбавіцца ад няўгодных чыноўнікаў. «У правале больш вінаватыя вайскоўцы. Таму больш лагічнаю была б адстаўка міністра абароны, але звольнілі кіраўніка Памежнага камітэту. Як памежнікі маглі фіксаваць палёт? Хіба з дапамогаю бінокля, бо іншага сродку ў іх няма…» – сказаў Карбалевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў