Паляцелі галовы за шведскі дэсант


З пасадаў звольнены шэраг вайсковых «шышак» і намеснік прэм’ера.

Аляксандр Лукашэнка сёння прыняў рашэнне вызваліць з пасады старшыню Дзяржпагранкамітэту Ігара Рачкоўсага і камандуючага ВПС і войскамі ППА Узброеных сілаў Дзмітрыя Пахмелкіна за неналежнае выкананне службовых абавязкаў пры запэўніванні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміла БелТА.

Пакінуў сваю пасаду таксама намеснік прэм’ер-міністра Сяргей Румас. Ён будзе ўзначальваць цяпер праўленне Банку развіцця Рэспублікі Беларусь. Перад сваім прызначэннем на намесніка прэм’ера Румас кіраваў «Белаграпрамбанкам».

Міністру абароны Юрыю Жадобіну і яго першаму намесніку Пятру Ціханоўскаму вынесена толькі папярэджанне аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Вымову абвесцілі дзяржаўнаму сакратару Савету бяспекі Беларусі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка паабяцаў пакараць вінаватых у інцыдэнце з палётам над Беларуссю шведскага самалёта.

«Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасек мяжу, але і беспакарана ўварваўся на тэрыторыю Беларусі? Бо гэта ў першую чаргу бяспека нашых грамадзянаў», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі папярэдзіў: «Пры гэтым хачу сумленна і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем, і прысутным тут: вінаватыя ў гэтым мусяць адказваць. З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся – на вашую просьбу. Вы хацелі гэты выпадак уважліва расследаваць. На сённяшні дзень, як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта мусяць панесці адказнасць. Максімум у панядзелак мною будзе прынятае рашэнне, у тым ліку і кадравыя рашэнні».

belsat.eu

Стужка навінаў