Амерыканскі кандыдат на прэзідэнта салідарны з беларусамі


Міт Ромні, прадстаўнік кансерватыўных сілаў ЗША, сярод краінаў, якія знаходзяцца пад прыгнётам рэжыму, назваў Беларусь.

Кандыдат ад Рэспубліканскай партыі на пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў Міт Ромні ў якасці месцаў, «дзе імкненне да свабоды сустракаецца з прыгнётам», назваў Беларусь, Сірыю, Венесуэлу, а таксама краіны Афрыкі ды Расею.

«На ўсход адсюль беларускі народ пакутуе пад уладаю дыктатара», – сказаў Ромні падчас спаткання ў Варшаве.

Ромні адзначыў, што трансфармацыя цяпер адбываецца ў арабскім свеце. «Ёсць там перспектывы, ёсць і рызыка. Сірыя, дзе жорсткі дыктатар здушае паўстанне, забіваючы тысячы сваіх грамадзянаў. У Лацінскай Амерыцы Уга Чавэс кіруе, абапіраючыся на аўтарытарызм і рэпрэсіі. Далей – Афрыка і Расея», – дадаў палітык.

Ромні адзначыў, што Польшча – сімвал свабоды для іншых краінаў. Паводле ягоных словаў, раней прыгнечаная дзяржава ёсць прыкладам дэмакратычных пераменаў і моцнай эканомікі.

Кандыдат ад кансерватараў на прэзідэнцкую пасаду ў Белым Доме працягвае свой візіт у Польшчу – апошні ў межах ягонага замежнага турнэ. Ромні на ўзор сваіх папярэднікаў наведвае саюзнікаў у розных кутках свету і вызначае гэтак прыярытэты сваёй будучай палітыкі. Пасля Брытаніі ды Ізраілю ён госціць у Польшчы. Адна з перадвыбарчых мэтаў – пераканаць польскую дыяспару ў ЗША ў сваёй паслядоўнай ды бескампраміснай пазіцыі ў дачыненні Расеі. У праграме візіту – сустрэчы з польскім прэзідэнтам Браніславам Камароўскім, а таксама кіраўніком МЗС Радославам Сікорскім.

belsat.eu

Стужка навінаў