Расея: апазіцыянера Навальнага вінавацяць у крадзяжы лесу


Вось табе і жарты пра тое, што Хадаркоўскі скраў усю нафту, а Навальны скраў увесь лес, абураўся палітык ля будынку Следчага камітэту Расеі.

Аднаго з арганізатараў антыпуцінскіх пратэстаў Аляксея Навальнага вінавацяць у так званай справе “Кіраўлесу” – у “арганізацыі прысабечвання чужой маёмасці ў асабліва буйным памеры”. За гэта пагражае 10 гадоў турмы. З апазіцыянера ўзялі падпіску аб нявыездзе.

Справу, у якой фігуруюць яшчэ два чалавекі, перакваліфікавалі на больш цяжкую. (Першапачатковая фармулёўка – “нанясенне маёмасных стратаў шляхам падману і злоўжывання даверам”.)

Навальнага вінавацяць у тым, што ён, працуючы дарадцам губернатара Кіраўскай вобласці на грамадскіх пачатках, у 2009 г. нібыта пераканаў генеральнага дырэктара “Кіраўлесу” падпісаць нявыгадную дамову на рэалізацыю лесапрадукцыі, у выніку чаго дзяржаўнае прадпрыемства пацярпела страты на суму больш за 1 млн расейскіх рублёў.

{movie}Аляксей Навальны пра абвінавачанне ў крадзяжы лесу|left|5598{/movie}Паводле Навальнага, Следчы камітэт змяніў фабулу абвінавачання, і цяпер там фігуруе ўжо іншая сума: 16 млн расейскіх рублёў: “Гэта нейкая мегадзіўная рэч, бо сама лічба – 16 млн рублёў – ніяк не тлумачыцца. Усе гэтыя жарты, што Хадаркоўскі скраў усю нафту, а Навальны скраў увесь лес – гэта якраз тое, што цяпер адбылося”. Ён зазначае, што фабула пярэчыць паказанням – ягоным і сведкаў.

Справу пра “Кіраўлес” распачалі ў траўні 2011 г., а летась у красавіку спынілі – “з прычыны адсутнасці складу злачынства”. Аднавіць яе на пачатку чэрвеня запатрабаваў кіраўнік Следчага камітэту Аляксандр Бастрыкін.

Чаму раззлаваўся Бастрыкін?

На мінулым тыдні Навальны апублікаваў у сваім блогу вынікі расследавання: Бастрыкін некалькі гадоў таму меў нерухомасць, бізнес і часовы від на жыхарства ў Чэхіі – але хаваў гэтыя факты ад расейскай грамадскасці. Паводле аўтара, чыноўнік падрабіў даверанасць, каб прадаць долю ў фірме, якая месцілася ў Чэхіі.

“Мы патрабуем, каб Пуцін адхіліў яго ад пасады, каб завялі крымінальную справу. Як мінімум з нагоды падробкі дакументаў”, – сказаў Навальны у чацвер у інтэрв’ю радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

belsat.eu

Стужка навінаў