Беларус Аляксандр Баранкоў распачаў галадоўку ў эквадорскай турме


Пра гэта “Белсату” паведамілі мясцовыя праваабаронцы. Тэлесюжэт пра былога міліцыянта паказаў эквадорскі тэлеканал “Ecuavisa”.

Былы беларускі следчы Аляксандр Баранкоў галадае на знак пратэсту супраць таго, што ў яго могуць адабраць статус уцекача і выдаць уладам Беларусі. 21 чэрвеня ў гэтай справе адбыўся суд, які мусіў прыняць рашэнне адносна экстрадыцыі ў Беларусь. Статусу ўцекача ў затрыманага пакуль не адабралі, аднак ён застаецца за кратамі.

Паводле інфармацыі, якую 5 ліпеня інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” атрымала ад знаёмага Баранкова, улады Беларусі рознымі спосабамі спрабуюць дамагчыся экстрадыцыі.

{movie}Сюжэт тэлеканалу “Ecuavisa” пра Аляксандра Баранкова|left|5597{/movie}Праз два тыдні пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі сюжэт пра беларуса паказалі ў начным выданні навінаў “Televistazo” на тэлеканале “Ecuavisa”, які мясцовыя жыхары лічаць самым аб’ектыўным. У ім гаворыцца, што справа адабрання статусу і экстрадыцыі не скончаная: рашэнне пра апошнюю прымае Вярхоўны Суд.

Пра затрыманне ў Эквадоры Аляксандра Баранкова паведаміла “Платформа”, з якою ён звязаўся праз тэлефон 17 чэрвеня. Гэта адбылося напярэдадні лацінаамерыканскага турнэ Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта з прыездам кіраўніка Беларусі ў Эквадор Баранкоў і звязвае свой арышт.

З радзімы былы следчы ўцёк пасля таго, як КДБ распачаў супраць яго дзве крымінальныя справы. Паводле Баранкова, гэта мела быць помстаю за тое, што ён падчас службы ў праваахоўных органах выявіў шматлікія факты злоўжыванняў і карупцыі ў асяроддзі праваахоўных органаў і камерцыйных структураў. Ён кажа, што менавіта паводле здабытых ім матэрыялаў у Беларусі распачалі шэраг рэзанансных справаў. Пасля ягонага ад’езду ў Эквадор улады абвесцілі яго ў вышук Інтэрполу.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” накіравала зварот у пасольствы шмат якіх краінаў свету, а таксама ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Эквадору ў Маскве, у якім заклікала не выдаваць Баранкова ўладам Беларусі. “Платформа” нагадвае пра недапушчальнасць выдавання шуканай асобы дзяржаве, якую падазраюць ва ўжыванні катаванняў.

belsat.eu

Стужка навінаў