Зээгер пра абвінавачанні ў сувязях з Менскам: «Суцэльная брыдота»


Былы шэф нямецкай паліцыі Матыяс Зээгер назваў “суцэльнаю брыдотай” абвінавачанні ў сувязях з афіцыйным Менскам.

Са словаў Зээгера, якія прыводзіць газета “Der Tagesspiegel”, як шэф паліцыі ён кантактаваў з беларускімі памежнікамі. “Размова ішла найперш пра пытанні аховы мяжы”, – падкрэсліў экс-шэф паліцыі, адзначыўшы, што ўсе кантакты былі санкцыянаваныя Міністэрствам унутраных справаў. Кантакты, паводле яго, былі перапыненыя каля двух гадоў таму, калі Беларусь “усё больш і больш стала скочвацца да дыктатуры”.

Раней нямецкія медыі паведамілі, што прычынамі адстаўкі Зээгера сталі ўнутраныя канфлікты ў паліцыі ды сувязі з беларускімі чыноўнікамі. Ягоныя праціўнікі заявілі, што той наведваў саўну разам з функцыянерамі з Беларусі, а беларускія праваахоўнікі пераймалі нямецкі досвед працы на масавых акцыях.

Кіраўніцтва нямецкай паліцыі неаднаразова наведвала Менск. Сярод іншага, у сярэдзіне студзеня 2010 г. адбыўся візіт дэлегацыі на чале з віцэ-прэзідэнтам Федэральнага ведамства крымінальнай паліцыі Юргенам Штокам. Шток наведаў Акадэмію МУС, дзе абмеркаваў пытанні супрацы ў сферы падрыхтоўкі кадраў. У жніўні 2009 г. адбыўся пяцідзённы візіт Матыяса Зээгера ў Менск, дзе ён сустрэўся са старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігарам Рачкоўскім.

belsat.eu

Стужка навінаў