У Магілёве расправіліся з фатографам маргарынавых рэкаў


Адміністрацыя хлебазаводу звольніла працаўніка, які сфатаграфаваў парушэнне санітарных нормаў на прадпрыемстве.

Некалькі тыдняў таму грузчык магілёўскага хлебазаводу № 4 Уладзімір Трызуноў сфатаграфаваў, а потым апублікаваў у інтэрнэце фота таго, як захоўваецца на прадпрыемстве маргарын, з якога пякуць слодыч. Работнік паведаміў, што маргарынавая катастрофа цягнулася некалькі тыдняў і была выкліканая глупствам кіраўніцтва, якое закупіла процьму маргарыну для печыва, але не змагло захаваць яго ў спёку.

Талы маргарын цёк па падлозе цэху, дзе вырабляецца печыва. Кіраўніцтва набыло інгрэдыент для мучных вырабаў у настолькі вялікай колькасці, што немагчыма было датрымаць умоваў і тэрмінаў захавання. На хлебазаводзе толькі дзве лядоўні. І маргарын, які туды не змясціўся, пачаў таяць.

На прадпрыемстве вырашылі замарожваць маргарын па чарзе: адна партыя застывала, пакуль другая смажылася на спёцы, а потым наадварот. Але гэта не дало плёну. Працаўнікі збіралі талае рэчыва ў чопы, у бочкі, а потым выкарыстоўвалі для вырабу печыва.

“На жаль, санстанцыя пра гэтае здарэнне не ведае, аднак вельмі б хацелася, каб яна завітала на прадпрыемства. Таксама хочацца, каб кіраўнікі адказалі за сваю некампетэнтнасць, былі пакараныя і звольненыя з працы. Чаму з-за іх глупства рабочыя мусяць цярпець і выконваць лішнюю працу? А калі маргарын сапсаваўся, то людзі ж могуць і атруціцца! Асабліва ў гэтым выпадку хвалююся за малых дзяцей”, – напісаў тады Трызуноў, звярнуўшыся ў газету “Наш Магілёў”.

Пакаралі, аднак, не кіраўнікоў, а звычайнага рабочага, які не пабаяўся выказацца супраць “расхлябанасці” начальства.

Уладзімір Трызуноў адпрацаваў на прадпрыемстве чатыры месяцы. Афіцыйная прычына звальнення – прагул.

belsat.eu

Стужка навінаў