У Гомлі пабудавалі метро з пяску


Студэнты на беразе Сажа стварылі пясковую станцыю метро.

Будучыя гомельскія архітэктары ўжо шосты год увасабляюць з пяску гарадскія легенды і міфы. Сёлета яны пабудавалі пясковы электрацягнік, які выязджае з падземнага тунэлю.

Метро – адзін з сучасных міфаў Гомля. Легенда паўстала каля 1984 года, пасля пабудовы падземкі ў Менску. Тады сярод жыхароў Гомля распаўсюдзіліся чуткі, што метро можа з’явіцца і ў іхным горадзе. Падкрэслівалася, што для гэтага трэба толькі, каб колькасць насельніцтва вырасла да 1 мільёна. Аварыя на Чарнобылі, аднак, перашкодзіла планам. Метро з гарадской надзеі ператварылася ў гомельскую легенду.

Гамельчукі заўважаюць, што ў горадзе адчуваецца нават пэўны комплекс адсутнасці метро. Каб яго разбурыць, гомельская моладзь вырашыла жартаўлівым чынам пабудаваць метро з пяску. Студэнты хацелі “прышпільна” пазмагацца з пачуццём “недасталічнасці” гамельчукоў. Будаўніцтва пясковага метро мусіла падкрэсліць, што Гомель – непаўторны ды асаблівы горад, які варта любіць і шанаваць нават без метро.

belsat.eu

Стужка навінаў