Тэхнічны прагрэс і выбары: што гарантуюць празрыстыя скрыні ды відэаназіранне?


Беларускія выбары не такія адкрытыя і празрыстыя, як хацелася б экспертам, апазіцыі ды, імаверна, грамадзянам. Цэнтрвыбаркам спрабуе вырашыць праблему – праўда, пачынае з тэхнічнага боку. Спадар Лазавік анансуе выкарыстанне на сёлетніх выбарах празрыстых скрыняў і камераў відэаназірання.

Да чаго тэхніка дайшла!

Тэхнічны прагрэс не абмінае і выбарчых участкаў Беларусі. Празрыстыя скрыні ды відэаназіранне на ўчастках анансаваў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Ён пахваліўся журналістам сучаснымі дасягненнямі. ЦВК вітае ініцыятыву Віцебскай вобласці забяспечыць усе ўчасткі празрыстымі скрынямі для галасавання. Сярод нашых суседзяў такія скрыні замест драўляных пачалі выкарыстоўваць ва Украіне на прэзідэнцкіх выбарах, калі абралі Віктара Юшчанку.

Відэаназіранне на ўчастку ў рэжыме рэальнага часу – яшчэ адна навіна ад ЦВК і “Белтэлекаму”. Мікалай Лазавік паведаміў, што на мінулых выбарах на некалькіх участках усталявалі камеры: “Практыка паказала, што на празрыстасць самога працэсу галасавання гэта не ўплывае”.

Ці ўсё будзе відаць?

Праблема беларускіх выбараў палягае не ў працэсе галасавання, а ў падліку галасоў, мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч. На ягоную думку, празрыстыя скрыні тут мала дапамогуць.

“Празрыстыя скрыні, канечне, лепш за непразрыстыя, але гэта не вырашае праблемы. Таксама не зразумела, навошта відэаназіранне. Каб сачыць, як людзі бяруць бюлетэні? Калі б транслявалі падлік галасоў, гэта быў бы даволі радыкальны крок. Але ж мелася на ўвазе зусім іншае. У нас няма праблемы з галасаваннем, ніякіх парушэнняў падчас самога галасавання няма, таму сачыць за гэтым не мае сэнсу. У нас праблема з падлікам галасоў”, – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Адмыслоўцам зразумела, што гэтая мадэрнізацыя выбараў сутнасна нічога не мяняе. Аднак, на думку Карбалевіча, на абывацеля гэта можа аказваць уплыў – адцягваецца ўвага ад галоўнага і засяроджваецца на другасным, тэхнічным баку выбараў.

belsat.eu

Стужка навінаў