Экс-амбасадар Сірыі ў Беларусі афіцыйна адрокся ад рэжыму аль-Асада


У інтэрв’ю тэлеканалу “Al-Jazeera” Фарук Таха распавёў, што сірыйскія ўлады пагражалі “ўдарыць па сем’ях і маёмасці чыноўнікаў, якія хацелі адысці”.

Словы парталу “Lebanon Now”, які падае вытрымкі з пятнічнага інтэрв’ю Фарука Тахі, цытуе “Польскае радыё”. Дыпламат уцёк з дыпламатычнай місіі ў Менску, каб стаць на бок сірыйскіх апазіцыянераў. Гэтая інфармацыя амаль паўгода трымалася ў сакрэце і толькі нядаўна была пацверджаная на афіцыйным узроўні.

Тэлеканалу “Al-Jazeera” Таха распавёў, што сем месяцаў таму ён выказаў пратэст супраць крывавага задушэння пратэстаў на радзіме. Тады ўлады вырашылі спыніць ягоную місію ў Беларусі, і Таха вырашыў уцячы. Інфармацыю ён трымаў у таямніцы, паколькі баяўся рэпрэсіяў. Цяпер жа, паводле яго, маўчанне выглядае як здрада. Ягоныя словы можна разглядаць як заклік да іншых чыноўнікаў сірыйскай адміністрацыі.

Апошнім часам ад рэжыму аль-Асада адвярнуліся некалькі ўплывовых чыноўнікаў: генерал Мустафа Тляс, дэпутатка парламенту Іхляс аль-Бадаўі ды сірыйскі амбасадар у Іраку Наўаф аль-Фарэс.

Таха захаваў цёплыя пачуцці да Менску, дзе разам з жонкаю любіў хадзіць у Тэатр оперы і балету. “Не толькі я жыву ў Менску, але і ён жыве ўва мне. Я дыхаю ім, і кожнае месца ў ім дарагое для мяне. Горад адлюстраваны ва ўсмешках дзяцей, далікатных уборах мянчанак, чысціні вуліцаў, працоўным рытме”, – вось як паэтычна выказаўся пра Менск былы сірыйскі амбасадар.

belsat.eu

Стужка навінаў