Праваабаронцы чакаюць палітычна матываваных адлічэнняў


Група праваабаронцаў пачынае кампанію абароны студэнтаў, якіх могуць адлічыць з навучальных установаў за ўдзел у акцыі 19 снежня ў Менску. Пра гэта паведаміў БелаПАН актывіст моладзевай прафсаюзнай групы “Студэнцкая рада”, каардынатар кампаніі Дзмітрый Гамянюк.

Паводле актывіста, пасля акцыі пратэсту 19 снежня, якая скончылася жорсткім разгонам дэманстрантаў, сярод затрыманых апынулася шмат студэнтаў, таму кампанію вырашана пачаць менавіта цяпер.

“Хоць Міністэрства адукацыі ў 2006 годзе паабяцала, што ніводнага студэнта не адлічаць за палітычную дзейнасць, улады выключылі з універсітэтаў не менш як 100 студэнтаў за ўдзел у палітычнай дзейнасці, асабліва ў перадвыбарных кампаніях апазіцыі і дэманстрацыях пасля выбараў. Гэта вынікае са справаздачы Дзярждэпартаменту ЗША аб правах чалавека за 2006 год”, – адзначыў Дзмітрый Гамянюк.

Важна, каб студэнты звярталіся да праваабаронцаў, асабліва калі іх толькі збіраюцца адлічыць, падкрэсліў ён.

“У першую чаргу будзем звяртацца да аднагрупнікаў і аднакурснікаў для збору подпісаў кіраўніцтву ўніверсітэтаў з просьбаю не адлічваць таго ці іншага студэнта. Будзем перадаваць інфармацыю з пэўнымі прозвішчамі ў Беларускі Хельсінкскі камітэт, каб там таксама маглі скласці звароты ва ўніверсітэты”, – паведаміў Гамянюк.

Цяпер група праваабаронцаў рыхтуе зварот у Еўрапейскі студэнцкі саюз, у якога таксама будзе прасіць падтрымання.

“На аснове нашага звароту Еўрапейскі студэнцкі саюз зможа звярнуцца ў Міністэрства адукацыі Беларусі з просьбаю не адлічваць студэнтаў з універсітэтаў за ўдзел у мірнай акцыі 19 снежня”, – растлумачыў каардынатар.

belsat.eu

Стужка навінаў