Адвакат Ажароўскага абскардзіць рашэнне пра дэпартацыю эколага


Яўген Маслаў, адвакат расейскага фізіка-ядравіка Андрэя Ажароўскага, высланага з Беларусі, абскарджвае рашэнне пра ягоную дэпартацыю.

Андрэя Ажароўскага, які адбыў 10-дзённы адміністратыўны арышт паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве, дэпартавалі з Беларусі. Яму забаронены ўезд у краіну цягам 10 гадоў.

Паведамленне пра высылку падпісаў часовы выканальнік абавязкаў начальніка Маскоўскага РУУС. У гэтым дакуменце ўказваецца, што разгляд пытання пра дэпартацыю будзе праходзіць у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў каля 8:00 і Ажароўскі можа прысутнічаць пры гэтым. Аднак пытанне пра дэпартацыю разгледзелі ў адсутнасць расейца, бо яго ўжо пасадзілі на цягнік і адправілі ў Смаленск.

Маскоўскае РУУС вырашыла гэтае пытанне ў пазасудовым парадку на той падставе, што Ажароўскі быў асуджаны за дробнае хуліганства. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам пастанова аб адміністратыўным арышце яшчэ не набыла моц, бо была абскарджаная ў пяцідзённы тэрмін. Касацыйная скарга на пастанову суда аб адміністратыўным арышце Ажароўскага будзе разглядацца 30 ліпеня Менскім гарадскім судом.

«Хуліганства» праціўнікаў АЭС

Экалагічных актывістаў Таццяну Новікаву і Андрэя Ажароўскага затрымалі ў Менску 18 ліпеня. А 12:00 Новікава, Ажароўскі і старшыня праўлення грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Сухій збіраліся перадаць у пасольства Расеі ў Менску адкрыты зварот супраць падпісання генеральнага кантракту на будаўніцтва АЭС.

Спачатку іх затрымалі нібыта для таго, каб удакладніць асобу, а ў пастарунку склалі фальшывыя пратаколы аб дробным хуліганстве. Паводле Таццяны Новікавай, суд адбываўся без сведак ды адвакатаў і доўжыўся каля адной хвіліны.

belsat.eu

Стужка навінаў