Лябедзька прапаноўвае беларусам у дзень выбараў пайсці ў грыбы


“Думаю, большасць выбарцаў падтрымаюць нас і не будуць удзельнічаць у гэтым фарсе. Хай сходзяць у грыбы ці наведаюць цешчу – увогуле, з карысцю правядуць час”, – заявіў журналістам лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.{movie}Анатоль Лябедзька: Лепш пайсці ў грыбы, чым на выбары|right|5572{/movie}

Ён паведаміў, што Аб’яднаная грамадзянская партыя ініцыявала кампанію “За сумленныя выбары без “Лукашэнкі”. Слова “Лукашэнка” не дарма ў двукоссі: маецца на ўвазе не столькі чалавек, колькі сістэма, патлумачыў палітык. “Аляксандр Лукашэнка і ягоная сістэма – гэта тупік, выйсце з якога – гэта сумленныя і свабодныя выбары. Няма выбараў – няма канкурэнцыі. Няма канкурэнцыі – няма абнаўлення. Няма абнаўлення – няма пераменаў. Няма пераменаў – няма развіцця. Замкнёнае кола. Выхад з яго – сумленныя выбары. Калі яны пройдуць, краіна стане іншаю”, – зазначыў Лябедзька.

Паводле яго, партыя плануе звярнуцца да Лукашэнкі з просьбаю адмовіцца ад парламенцкіх выбараў, якія не ёсць выбарамі. “Можна зэканоміць шмат грошай, якія потым ужыць на карысць грамадзянаў. Можна не ўтрымліваць такой дарагой цацкі, як Палата прадстаўнікоў, бо яна не ёсць парламентам паводле сваёй сутнасці. Структура, якая са сваёй ініцыятывы за чатыры гады прыняла ды ініцыявала толькі адзін законапраект, у якой 110 чалавек прызначаныя, а не абраныя, ніяк не можа называцца парламентам”, – падкрэсліў Лябедзька.{movie}Анатоль Лябедзька: Мы пойдзем да людзей|right|5571{/movie}

Як паведаміў лідар АГП, парламенцкая кампанія пачалася для партыі са 115 адмоваў у правядзенні пікетаў. На пазачарговым з’ездзе 28 ліпеня ў Менску АГП вылучыла 57 спікераў – патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. “Мы не прыхільнікі ігнаравання таго, што адбываецца. Мы пойдзем да людзей праз магчымасці, якія даюць дзяржаўнае тэлебачанне, радыё, газеты. Тыя, хто свядома не прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, хто прагаласуе супраць усіх, гэта і ёсць патэнцыял і прыхільнікі АГП. Думаю, такіх людзей будзе шмат”, – заявіў Лябедзька.

belsat.eu

Стужка навінаў