Халеб у чаканні штурму сірыйскімі войскамі


Квартал Саляхедын сірыйскага гораду Халеб быў домам амаль для мільёну жыхароў. Цяпер тут пустэча – засталіся нешматлікія мясцовыя жыхары і ўзброеныя сірыйскія паўстанцы. Ім удалося спыніць наступ войска аль-Асада.

“Былі чуткі, што вада ў водаправодзе атручаная, каб змусіць жыхароў уцячы. Мы не ведалі, праўда тое ці не, таму са словамі “Алах вялікі” пілі яе”, – гаворыць адзін з паўстанцаў. Пад іхным кантролем у квартале было адносна спакойна, войска аль-Асада некаторы час трымалася далёка.

У суботу ваенныя верталёты абстралялі квартал, а бронетанкавая тэхніка выехала на пазіцыі для атакі. Магчыма, найбліжэйшым часам вырашыцца лёс гэтага кварталу, а можа, і ўсяго Халебу – самага буйнога гораду ў Сірыі.

Пад кантролем апазіцыі{movie}Паўстанцы ў Халебе|right|5563{/movie}

На відэа, знятым журналістамі “Reuters”, відаць кантрольна-прапускныя пункты пад сцягамі паўстанцаў і партызанаў, што з аўтаматамі патрулююць вуліцы. Сірыйскае тэлебачанне называе іх “бандамі экстрэмістаў”, што прабраліся ў Сірыю пры дапамозе замежных спецслужбаў.

Паўстанцы гавораць, што хочуць абараніць сваю краіну. “Хіба мы не маем права бараніць сябе і свой гонар? Кожная жанчына ў гэтай краіне – мая сястра, дзе б яна ні была – у Дар’а, Аль-Хасака, Лятакіі ці Дэйр эз-Зоры. Я і мае таварышы – мы верым у Бога і хочам абараніць свой гонар. Алах дапаможа нам перамагчы цябе, Башар. Я сказаў: заставайся там, дзе ты ёсць, мы знойдзем цябе дзе заўгодна”, – гаворыць адзін з байцоў сірыйскай апазіцыі.

Гэты чалавек патрулюе вуліцы Саляхедыну. “Мая роля – не пусціць банду аль-Асада ў раён”, – дадае баявік. Ён распавёў, што далучыўся да барацьбы пасля таго, як вайскоўцы сірыйскага дыктатара спалілі ягоную краму за тое, што ён удзельнічаў у акцыях пратэсту.

Будзе штурм{movie}Стрэляніна ў Халебе|right|5564{/movie}

Тым часам сітуацыя ў квартале застаецца напружаная. Чакаецца, што асадаўцы паспрабуюць вярнуць сабе кантроль над Саляхедынам. На сценах журналісты заўважылі надпіс “Або ўлада Асада, або мы спалім краіну”. Менавіта Халеб і Дамаск сталіся цэнтрамі супраціву ўладзе Башара аль-Асада. Бой за Халеб можа стаць вырашальным як для ўладаў, так і для паўстанцаў.

Вайсковыя эксперты мяркуюць, што лепш узброенай і шматлікай арміі аль-Асада удасца выбіць паўстанцаў з вуліцаў Халебу і Дамаску, аднак урад можа згубіць кантроль над сельскаю мясцовасцю і невялікімі гарадамі, бо лаяльнасць шырокіх слаёў войска выклікае сумневы.

belsat.eu

Стужка навінаў