Прыгонная сталіца: колькі эканоміць Менскі гарвыканкам на штотыднёвых суботніках


Фізічная праца з малпы зрабіла чалавека. А бясплатная фізічная праца беларусаў эканоміць для ўладаў грошы. У сталіцы ў разгар лета ледзь не кожны тыдзень ладзяцца суботнікі. Колькасць “прыгонных” гараджанаў і ўзровень выгады для ўладаў высветліла служба інфармацыі “Белсату”.

Кожную суботу – суботнік

28 ліпеня ў Менску зноў ладзіцца суботнік, ініцыяваны ўладамі. Тое ж самае адбывалася тыдзень таму. На сёння ў сталіцы вызначаныя 26 пляцовак, дзе працаўнікі ЖЭСаў разам з жыхарамі будуць месці, касіць траву, саджаць кветкі, рамантаваць агароджы і пешаходныя дарожкі. Працоўных калектываў не прыцягваюць, таму працаваць пераважна даводзіцца ЖЭСаўцам.

Карэспандэнт службы інфармацыі “Белсат” запытаўся ў майстра ЖЭС-42, ці гэта проста – далучыцца да суботніка. Цётачка ўсцешылася ініцыятыве паўдзельнічаць, бо “з гэтага дому яшчэ ніхто з жыхароў не цікавіўся суботнікам”. “Мы працуем сёння па трох адрасах. Там майстры разбілі клумбы і газоны, і мы там прыбіраем, полем і паліваем. Я са сваімі ўчора ўжо папрацавала там, так што вам пальчаткі наўрад ці спатрэбяцца. Калі вы да нас далучыцеся, то ўсё выдам: і граблі, і пальчаткі”, – кажа працаўніца ЖЭС-42.

У пятніцы – узорна-паказальныКіраўнік Менгарвыканкаму незадаволены нізкай актыўнасцю гараджан на суботніках.Кіраўнік Менгарвыканкаму незадаволены нізкай актыўнасцю гараджан на суботніках.

Беларускія суботнікі працягваюць традыцыю СССР, калі савецкі народ працаваў у вольны ад працы час на карысць радзімы дзеля светлай будучыні. Сёння ўлады ідэйнага боку таксама не абмінаюць. Гэтак, у Фрунзенскім раёне яны арганізавалі ўзорна-паказальную пасадку клумбы для сродкаў масавай інфармацыі. Прычым за дзень да афіцыйнага суботніка – у пятніцу, 27 ліпеня, каб паказаць сюжэт у суботу па тэлевізары. Маўляў, сёння па ўсім Менску людзі працуюць у агульным парыве.

Што да агульнага парыву, то кіраўнік гарвыканкаму Ладуцька крытыкуе нізкую масавасць на мінулым суботніку, у якім удзел бралі толькі 1054 гараджаніны. Сярод ЖЭСаў нават праводзяцца спаборніцтвы, хто больш прыцягне народу: перамагаюць пакуль што ЖЭСы № 32, 4, 11.

Залатыя клумбы і газон для Лукашэнкі

Падлічыць, колькі бюджэт ашчаджае на бясплатнай працы гараджанаў, можна двума шляхамі. Праз вартасць выкананых працаў і праз колькасць насельніцтва, што задзеялі.

Аб’ёмы выкананых у час летніх суботнікаў працаў можна толькі ўяўляць. Нават калі кожны ЖЭС (якіх у Менску 122) пасадзіць адну клумбу, то гэта выльецца ў значную суму. За апрацаванне 1 метра газону “Менскзелянбуд” бярэ 1 долар, за метр клумбы з кветкамі – 27, без кветак – 12 долараў. Возьмем 2 метры квадратныя за сярэднюю плошчу клумбы і памножым на колькасць ЖЭСаў – атрымліваецца каля 3000 долараў. Калі лічыць разам з кветкамі – каля 6500 долараў. Столькі ашчаджае гарвыканкам – і гэта толькі на клумбах – дзякуючы бясплатнай працы гараджанаў.

Агулам за два летнія месяцы на суботніках пабывалі 11 000 чалавек. Калі тэндэнцыя захаваецца, то за лета гэтая лічба вырасце да 16 500 чалавек. За суботнік 1 чалавек зарабляе для бюджэту 11,1 тыс. рублёў: 1 траўня 2012 г. бясплатна працавалі 3,6 млн чалавек, якія прынеслі бюджэту 40 млрд рублёў. Такім чынам, сталіца за лета на працы “прыгонных” працаўнікоў ЖЭСаў можа зарабіць 183 млн рублёў, або 22 000 долараў. Якраз столькі каштуе новы газон на праспекце Пераможцаў, па якім штодзень ездзіць Лукашэнка. А яго трэба штогод мяняць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары