Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў вернікаў


З нагоды свята Божага нараджэння мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуся з віншаваннямі да каталікоў, усіх хрысціянаў, людзей добрай волі.

“Сёстры і браты, ад усяго сэрца шчыра вітаю і віншую вас са святам Божага нараджэння! У гэтае вельмі радаснае і збаўчае свята сваімі думкамі мы пераносімся ў Бэтлеем – гэты святы “горад хлеба”, дзе прыйшоў на свет Бог з чалавечым тварам, чалавечым сэрцам. Прыйшоў у вобразе чалавека, каб быць блізка да гэтага чалавека, каб збавіць потым гэтага чалавека, каб стаць потым хлебам жыцця.

Аднак толькі памятаць пра тую падзею, якая змяніла лёс чалавека, якая прынесла ў гэты свет святло Евангелля, – гэта яшчэ замала, трэба жыць гэтым святлом. Святы Ян Апостал кажа пра тое, што чалавек выбірае не святло, а цемру. Гэтаю цемраю ёсць і крызіс сям’і, і наркаманія, і алкагалізм, і амаральнае жыццё чалавека… Гэтай цемры даволі шмат у нашым жыцці, і чалавек разгублены: дзе ён можа знайсці тое святло, якое асвеціць яму дарогу, не дасць заблукаць. Трэба зноў прыйсці да гэтага Бэтлеему, трэба ўпусціць Езуса Хрыста ў нашыя сэрцы… Ён прыходзіць, ён грукае ў нашыя сэрцы, каб нашыя сэрцы сталіся Бэтлеемам нашага часу. Каб мы, асветленыя ягонаю навукаю, гэтым святлом Бэтлеему, свяцілі іншым людзям, каб чалавек выйшаў з цемры і будаваў шчаслівае жыццё на гэтай зямлі”.

Мітрапаліт віншуе ўсіх хрысціянаў, якія разам з каталікамі святкуюць вялікае свята Раства Хрыстовага, усіх людзей добрай волі. “Святаў для ўсіх! Радасных, шчаслівых, збаўчых святаў Раства Хрыстовага і шчаслівага Новага года!” – зычыць Тадэвуш Кандрусевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў