Ярмошына: АБСЕ ў шоку ад нашай дэмакратыі


Старшыня Цэнтральнай выбарчай пахвалілася дасягненнямі беларускай дэмакратыі.

“Мы развялі такую дэмакратыю, якая шакуе нават АБСЕ”, – заявіла старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына на паседжанні ў Менску.

Паводле яе, кіраўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ Янэз Ленарчыч “быў шакаваны” нядаўнімі выказваннямі сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка супраць запрашэння назіральнікаў АБСЕ на будучыя парламенцкія выбары. “Ён не чакаў такога парушэння субардынацыі”, – адзначыла Ярмошына.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік 11 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў, што яго можна “запісаць у апазіцыянеры”, але ён “унутрана не згодны з запрашэннем місіі назіральнікаў ад АБСЕ”. Лазавік падкрэсліў, што зняверыўся ў аб’ектыўнасці місіі АБСЕ.

“Мы – жаўнеры радзімы, – сказала Ярмошына. – Калі радзіма і яе палітычнае кіраўніцтва лічыць, што прыезд групы міжнародных назіральнікаў карысны для краіны, то Цэнтральная камісія не разважае ў гэтых выпадках, а выконвае гэтае запрашэнне, бо яно ёсць часткаю стратэгіі міжнародных дачыненняў”, – заявіла Ярмошына.

Ярмошына перакананая, што парламенцкія выбары 2012 г. будуць больш дэмакратычныя за выбары 2008 г. Чыноўніца адзначыла, што выбарчае заканадаўства ў 2008 г. было больш жорсткае. Цяпер, паводле словаў старшыні ЦВК, партыі, каб вылучыць свайго кандыдата, неабавязкова мець у гэтай выбарчай акрузе свае партыйныя структуры. Адпала таксама неабходнасць пацвярджаць подпісы ў падпісных лістах. Усё гэта, як мяркуе Ярмошына, спрашчае парадак вылучэння кандыдатаў.

belsat.eu
https://youtu.be/KDjpXKC82aQ

Глядзі таксама
Каментары