Што такое «Стэфан»: шведскі журналіст каментуе віртуальнае расследаванне справы аб мішках


У блогу Віктара Малішэўскага апублікаваныя нечаканыя вынікі віртуальнага расследавання справы аб шведах і плюшавых мядзведзях. Там фігуруе імя нейкага Стэфана, які раней не згадваўся сярод арганізатараў акцыі. Гэтае ж імя носіць амбасадар Швецыі ў Беларусі. Ці можа тое быць простым супадзеннем? Каментуе шведскі журналіст Пэр Энэруд.

Віртуальныя факты

Запіс у блогу “Допыт праз сацыяльныя сеткі” распавядае, што пілоты – дзяўчына і хлопец – у звычайным жыцці – пара. Таксама дэманструецца мапа палёту з пазначэннем аэрапортаў і небяспечных месцаў. Ды становіцца вядома, што самалёт быў набыты ў Афрыцы. Але самае цікавае – гэта СМС-ліставанне пілота і памочніка ў Менску, якое шведы самі і выклалі ў сеціва.

“Першая СМС “Yеs” дасланая 3 ліпеня а 10:44. Відаць, паведамляе, што дабраўся да Менску. Адказ аб 11:47: “Заўвага. Купі рэчы, і мы паспеем (зможам гэта зрабіць???) за некалькі дзён, шакалад, і вазьмі аўтамабіль. Спі ў самалёце і патэлефануй з Масквы. У такім выпадку кодавае слова будзе сапраўднае. Стэфан лічыць, усё гатова? Добрай дарогі!” – гаворыцца ў блогу.

“І такі вось працяг СМС-дыялогу: “Стэфан мяркуе, усё вырашана, я набуду ежу. Сыр фета, аліўкі, артышокі, шаблі ды штрудэль. Кодавае слова “так”, – дае імаверны пераклад аўтар і зазначае, што невядома, хто такі Стэфан.

Трэба зазначыць, што самы вядомы ў Беларусі Стэфан – гэта шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан.

Правільны пераклад

Служба інфармацыі “Белсат” звярнулася па каментар да шведскага журналіста Пэра Энэруда: кім можа быць гэты “Стэфан”? Спадар Энэруд заўважыў, што пераклад слабы, і фраза пра Стэфана мусіць гучаць іншым чынам: “Стэфан лічыць, што ўсё адменена”. На думку журналіста, які выдатна валодае расейскаю моваю, адэкватны пераклад такі (пераклад на беларускую. – Рэд.):

“Так”.
“Важна: купі нешта, каб мы змаглі, кшталту пару дзён пратрымацца, каб у аўтамабілі трымаць. Спі ў самалёце і звані з Масквы. Стэфан лічыць, што ўсё адменена. Добра. Паехалі!”
“Стэфан лічыць, што ўсё адменена. Я куплю ежу, брынзу, масліны, артышок, шаблі ды штрудэль. Адносна коду, так”.

Спадар Энэруд дадае, што тэкст СМСак утрымлівае шмат памылак набору, ён не надта пісьменны.

Што такое “Стэфан” і “Studio Total”?

Стэфан – гэта самае распаўсюджанае ў Швецыі імя, яго носіць 72 128 чалавек – каля паловы мужчынаў, як кажа журналіст Пэр Энэруд.

“Я магу ўявіць, што яны нават не ведаюць, што амбасадара ў Беларусі завуць Стэфан. Мяркую, гэта і ёсць умоўны код – “Стэфан мяркуе, што ўсё адменена”, – выказвае сваю думку спадар Энэруд.

Таксама журналіст дадаў, што амаль нічога не бачыў у шведскай прэсе з нагоды “плюшавага дэсанту”, а тым больш пра яе наступствы.

“Самае крыўднае, што, на маю думку, гэтым шведам з высокай званіцы пляваць на Беларусь і гэтых (арыштаваных. – Рэд.) людзей. Яны шматкроць ладзілі такія “акцыі”, каб раскруціць сваё бюро (“Studio Total”. – Рэд.). Да прыкладу, год таму яны распаўсюджвалі інфармацыю, што шведская акторка Ільва Марыя Томпсан стала дырэктаркаю новай школы сексу ў Вене. Гэта не было праўдаю – проста яны хацелі паказаць, як эфектыўна яны могуць штосьці раскруціць”, – дадае спадар Энэруд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары