Аляксандр Алесін: Чаму «прамаргалі» шведскіх мядзведзікаў?


Калі б лёгкаматорны самалёт, які перасек літоўска-беларускую мяжу, выявілі беларускія вайскоўцы, то лятак з лёгкасцю перахапілі б і прымусілі прызямліцца, упэўнены вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін. Словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што супрацьпаветраная абарона бачыла шведскі самалёт, выглядае спробаю «захаваць твар» перад Масквою.

Хто «пашкадаваў» шведаў?{movie}Аляксандр Алесін: Ці магла СПА не зрэагаваць?|right|5543{/movie}

Аляксандр Алесін падкрэслівае, што сістэма супрацьпаветранай абароны арганізаваная такім чынам, што пры выяўленні парушальніка абавязкова б зрэагавала. «Адмыслова для такіх мэтаў нясуць дзяжурства верталёты МІ-24, гэтак званыя кракадзілы, хуткасць якіх 320 км/г і яны маюць магутнае ўзбраенне. Яны здольныя такія малахуткасныя аб’екты дагнаць, зраўняць з імі хуткасць і даць загад аб пасадцы», – распавёў вайсковы аглядальнік у інтэрв’ю «Белсату».

Эксперт перакананы, што ў такой сітуацыя вайскоўцам удалося б змусіць шведскіх пілотаў сесці. «Рэч толькі ў тым, што не выявілі», – падкрэслівае Аляксандр Алесін.

Тым не менш, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «самалёт быў своечасова выяўлены».

«Чаму начальнікі не спынілі гэтага палёту? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні», – заявіў вярхоўны галоўнакамандуючы падчас нарады з кіраўніцтвам Узброеных сілаў і Дзяржаўнага памежнага камітэту. І паабяцаў пакараць вінаватых.

«Рашэнне пра тое, каб нічога не рабіць у такой сітуацыі, калі ёсць парушэнне мяжы, мог прыняць толькі галоўнакамандуючы», – падкрэслівае Аляксандр Алесін. Паводле эксперта, у такой сітуацыі супрацьпаветраныя сілы змусілі б самалёт прызямліцца, а калі б ён не падпарадкаваўся, то лятак маглі б збіць. «Калі б было яўна бачна, што гэта цывільны самалёт, з ім бы «вазіліся» трошкі больш. Але працэдура ў такіх выпадках адназначная, – гаворыць эксперт. – Калі Лукашэнка гаворыць, што хтосьці не даў сігналу на знішчэнне, гэта крывадушнасць».

Чаму «прамаргалі» мядзведзікаў?{movie}Аляксандр Алесін: Чаму “прамаргалі” мядзведзікаў?|right|5542{/movie}

Аляксандр Алесін упэўнены, што войскі супрацьпаветранай абароны не заўважылі самалёта шведаў з тэхнічных прычынаў.

«Сродкі, якія стаяць на ўзбраенні нашай СПА проста тэхнічна не здольныя гэтага зрабіць – ва ўмовах узгорыстай і лясістай мясцовасці выявіць аб’ект на нізкай вышыні магчыма толькі выпадкова нашымі сродкамі СПА, – заявіў эксперт. – Гэтая тэхніка – распрацоўкі 1970-х гг., была зробленая ў найлепшым выпадку ў 1980-я. А некаторыя радары былі вырабленыя ў 1970-я гг.»

Паводле Аляксандра Алесіна, гэтае абсталяванне не можа выявіць не толькі такіх лёгкіх самалётаў, але і сучасных вайсковых сродкаў нападзення – крылатых ракетаў, беспілотнікаў, што ляцяць на нізкай вышыні. «Трэба было яшчэ 10–15 гадоў таму распачаць мадэрнізацыю сістэмы СПА, сістэмы паветранай выведкі», – дадаў Алесін.

belsat.eu

Стужка навінаў