КДБ не пускае да Сурапіна адваката


Цягам двух дзён, 25 і 26 ліпеня, адвакат не мог сустрэцца з Антонам Сурапіным, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары Камітэту дзяржбяспекі.

Для адвакатаў у СІЗА вялікая чарга, не стае памяшканняў для сустрэчаў з падследнымі. Чарговую спробу сустрэцца з Антонам адвакат зробіць 27 ліпеня. Ці выставілі Сурапіну афіцыйнае абвінавачанне, бацькам фатографа дагэтуль не вядома.

КДБ затрымаў Антона 13 ліпеня ў межах справы аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся раніцаю 4 ліпеня. Над Івянцом і Менскам шведы раскідалі сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай PR-кампаніі «Studio Total». Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

Тым часам КДБ працягвае расследаваць крымінальную справу па факце перасячэння дзяржаўнай мяжы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, абвінавачанні выставілі ўжо двум асобам. Адзін з іх – 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце «Belarusian News Photos» фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Другі – Сяргей Башарымаў, які займаецца здачаю кватэраў на кароткі тэрмін і ў каго шведы – удзельнікі акцыі планавалі здымаць жытло.

У дачыненні Сурапіна распачалі справу на падставе ч. 3 арт. 371 КК, ён абвінавачваецца ў «дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванаю групай асобаў». Башарымаву нібыта ўжо выставілі абвінавачанне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.

belsat.eu

Стужка навінаў