Маракі хацелі ўсталяваць на «Лініі Сталіна» Андрэеўскі сцяг


У гістарычна-культурным комплексе “Лінія Сталіна” паўстане помнік маракам, але без Андрэеўскага сцяга, як было першапачаткова задумана. Пра гэта паведаміў аўтар праекту “Марское братэрства – непарушнае!” Арсень Крыцкі на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Крыцкі збянтэжаны забаронаю аддзелу ідэалогіі Менскага гарвыканкаму паставіць побач з помнікам Андрэеўскі сцяг. Чыноўнікі матывавалі гэта тым, што сцяг – дзейны сімвал узброеных сілаў іншай краіны. “Маракі ў гісторыі пралілі цэлыя рэкі крыві, здзейснілі вялізныя подзвігі. У нас была такая гісторыя, якой проста не распавесці”, – адзначыў Крыцкі, падкрэсліўшы, што Андрэеўскі сцяг сімвалізуе гэтую гісторыю і застаецца святым для ўсіх, хто служыў на флоце.{movie}Арсень Крыцкі пра помнік маракам|right|5531{/movie}

Аўтар праекту распавёў, што першапачаткова было задумана ўсталяваць помнік у Севастопальскім парку ў Менску. “У парку была выдатная пляцоўка для якара, якую мы адразу заўважылі. Там была і царква побач, і аб’яднанне ветэранаў афганскай вайны – яны маглі б даглядаць манумент. Але знайшліся гісторыкі, якія сказалі, што ў Севастопальскім парку, як мяркуецца, ёсць пахаванне нямецкіх салдатаў. А тэрміны падціскалі”, – адзначыў Крыцкі.

Паводле яго, да праекту помніка было вырашана дадаць некаторыя экспанаты, звязаныя з марской гісторыяй, што патрабуюць немалой прасторы. “На “Лініі Сталіна” мы вырашылі зрабіць цэлы пантэон марской славы, дзе маракі маглі б сустракацца. Да таго ж “Лінію Сталіна” наведваюць усе дэлегацыі, якія прыязджаюць у Беларусь”, – патлумачыў Крыцкі выбар комплексу.

Андрэеўскі сцяг – штандар караблёў Вайскова-марскога флоту Расейскай імперыі ад 1712 да 1918 г. Ад 1992 г. афіцыйна ўжываецца Вайскова-марскімі сіламі Расейскай Федэрацыі. Ад 2000 г. выконвае функцыю сцяга флоту Расейскай Федэрацыі.

Ён таксама выкарыстоўваўся Расейскаю вызваленчаю арміяй пад кіраўніцтвам Андрэя Уласава, якая супрацоўнічала з войскамі фашысцкай Нямеччыны.

belsat.eu

Стужка навінаў