У Гомельскай вобласці больш за 100 выселеных вёсак чакаюць свайго пахавання. Яны месцяцца ў зоне адчужэння – пад аховаю. Міліцыянты ганяюць сталкераў, грыбнікоў і марадзёраў у чаканні, калі ў бюджэце знойдуцца сродкі на пахаванне даўно памерлых паселішчаў.
25-гадовыя “шкілеты”
Брагінскі, Хойніцкі, Веткаўскі раёны маюць найвялікшы галаўны боль праз катастрофу на ЧАЭС. Гэта найбольш пацярпелыя, забруджаныя радыяцыяй землі. З небяспечных раёнаў людзей выселілі, пасля чаго засталіся пустыя дамы, двары, вёскі. У часы СССР вырашылі іх належным чынам пахаваць – закапаць пад зямлю. Аднак Беларусь здабыла незалежнасць, і задача пераклалася на плечы мясцовых уладаў. І даюць ёй рады яны вельмі марудна.
На тэрыторыі Гомельскай вобласці агулам налічваецца больш за 100 непахаваных вёсак, паведамляе газета “Гомельская праўда”. Прычына, з якой дагэтуль зямля носіць “шкілеты” 25-гадовай даўніны, – адсутнасць сродкаў у бюджэце.
На пахаванне аднаго толькі двара патрабуецца каля $ 3300. З гэтай сумы аплачваецца арэнда тэхнікі, праца персаналу, падрыхтоўчыя і асноўныя працы. Калі ў вёсцы захавалася дзесяць двароў, то на яе пахаванне трэба як мінімум $ 30 тыс.
Чым здзіўляюць выселеныя вёскі?
Вёска Золатаміна – адно з непахаваных пакуль селішчаў. Каб трапіць сюды законна, патрабуецца адмысловы дазвол адміністрацыі. Без яго наведваць зону забаронена, таму тут нясе службу міліцэйскі патруль. Штраф за наведванне зоны – Br 1 млн.
Аляксей Гвоздараў, галоўны спецыяліст Кармянскага раёну ў адміністрацыі зонаў адчужэння, распавядае, што ёсць людзі, якія за штрафы помсцяць. Адна дзяўчына, якую злавілі за зборам грыбоў, потым год псавала знакі радыяцыйнай небяспекі надпісамі “Гэта вам за мае штрафы”.
Што да небяспекі перабывання ў зоне, то нядаўна ў аднаго з патрульных міліцыянтаў медыкі знайшлі злаякасную пухліну шчытападобнай залозы.
belsat.eu