Ярмошына: Я за парламент без шоу


Старшыня ЦВК баіцца людзей з кастэтамі ў будучым парламенце.

19 ліпеня завяршыўся чарговы этап выбарчай кампаніі – рэгістрацыя ініцыятыўных групаў для збору подпісаў дзеля вылучэння кандыдатаў у дэпутаты.

Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына правяла прэс-канферэнцыю з гэтай нагоды. Яна адзначыла, што збор подпісаў у параўнанні з мінулымі парламенцкімі выбарамі значна спрасціўся, але палітычная актыўнасць знізілася.

Млявыя і абыякавыя выбары{movie}Ярмошына пра байкот парламенцкіх выбараў|right|5529{/movie}

Кіраўніца ЦВК падкрэсліла, што Цэнтральная выбарчая камісія не ажыццяўляе падбору кадраў – кандыдатаў на выбраныя пасады. “Мы ў гэтым плане такія ж шараговыя выбарцы, як і вы. Журналістам цікавы чалавек “зубасты”, яркі, які будзе сябе добра паказваць у публічнай дыскусіі. Але гэта зусім не паказчык нейкіх высокіх якасцяў дэпутацкай працы”, – адзначыла Ярмошына.

“Цяпер мы маем тое, што маем: якія мы самі, млявыя і абыякавыя, хочам, каб нам на сподачку дэпутата добрага паднеслі, – такая будзе і выбарчая кампанія”, – заявіла старшыня ЦВК.

“Вельмі годныя людзі”{movie}Ярмошына пра парламент без кастэтаў|right|5527{/movie}

Пікеты для байкоту парламенцкіх выбараў – гэта не натуральна, лічыць Ярмошына. “Паводле закону перадвыбарная агітацыя – гэта агітацыя для падтрымання выбараў, падтрымання таго ці іншага кандыдата. А ў нас цяпер ідзе агітацыя за байкот выбараў – адзіная спроба тых сілаў, якія сябе называюць дэмакратычнымі. Калі кандыдаты выйдуць працаваць з выбарцамі, думаю, выбарчая кампанія ажывіцца”, – лічыць чыноўніца.

Паводле яе, у парламенце працуюць “вельмі годныя людзі”, а сумнявацца ў гэтым “непрыстойна”. “Журналістам і выбарцам хацелася б пабачыць шоу. Але хай лепш будзе парламент без шоу, чым парламент з кастэтамі на трыбунах, як у некаторых нашых суседзяў. Я, як выбарніца, выбіраю парламент без шоу”, – сказала Ярмошына.

Статкевіч і Міхалевіч не стануць дэпутатамі{movie}Ярмошына пра Статкевіча і Міхалевіча|right|5530{/movie}

Ярмошына заявіла пра неправамоцнасць вылучэння экс-кандыдатаў на прэзідэнта Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Са словаў Ярмошынай, ЦВК атрымаў афіцыйнае пацверджанне таго, што праз папраўчую ўстанову, дзе трымаюць Статкевіча, не перадаваліся ніякія дакументы ў выбарчыя камісіі. Іншай магчымасці падпісаць дакументы аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы ў Статкевіча не было, падкрэсліла кіраўніца Цэнтрвыбаркаму. Яна нагадала, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам Статкевіч, які адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за крымінальныя злачынствы, не мае выбарчага права.

Што да Алеся Міхалевіча, то, са словаў Ярмошынай, ён усё яшчэ ў міжнародным вышуку. Акрамя таго, адзначыла яна, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў былых кандыдатаў на прэзідэнта падаваліся паводле пратэрмінаванай даверанасці. “Такім чынам, можна лічыць, што дакументы на рэгістрацыю групаў Міхалевіч нават не падаваў”, – падвяла вынікі Ярмошына.

belsat.eu

Стужка навінаў