Патрыярха Кірыла прывіталі ва Украіне топлес


Актывістка групы «Femen» з’явілася з аголенымі грудзьмі ў кіеўскім аэрапорце падчас прыбыцця галавы Расейскай Праваслаўнай Царквы.

Патрыярх Кірыл распачаў свой трохдзённы візіт ва Украіну. У аэрапорце ўкраінскай сталіцы яго чакалі з чырвонаю дарожкаю, хлебам ды соллю.

Пасля таго, як праваслаўны іерарх спусціўся з трапа самалёта і накіраваўся ў бок мікрафона, каб прывітаць натоўп, да яго падбегла актывістка групы «Femen» топлес з крыкам: «Ізыдзі!» Дзяўчыну спыніла і затрымала служба бяспекі.

«Няхай дабраславіць вас Госпад! Няхай Божае дабраславенне будзе з украінскім народам і Украінай назаўсёды. Божа барані вас усіх!» – сказаў патрыярх пасля інцыдэнту.

Расейская Праваслаўная Царква выклікае апошнім часам шырокую крытыку з боку грамадзянскай супольнасці за адкрытае ўмяшанне ў палітычныя справы. Адною з самых вядомых акцыяў быў панк-малебен гурта «Pussy Riot» у Святыні Хрыста Збаўцы. Трох удзельніц акцыі арыштавалі, ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Арганізацыя «Femen» спецыялізуецца на правядзенні акцыяў у падтрыманне вольнасці і правоў чалавека. Актывісткі звычайна выступаюць паўаголенымі.

belsat.eu

Стужка навінаў