Прадстаўнікі сексменшасцяў ладзяць велапрабег па глыбінцы, каб пасябраваць з мясцовымі


Беларускія геі ды лесбіянкі адпраўляюцца ў падарожжа па беларускай глыбінцы на роварах. Велапрабег пачнецца ў Берасці і скончыцца ў Менску. На роварах будуць вясёлкавыя сцягі, а падчас перапынкаў арганізатары мяркуюць раздаваць насельніцтву інфармацыйныя матэрыялы пра ЛГБТ-рух у краіне.

Геі едуць у глыбінку

Выезд з Берасця прызначаны на 28 ліпеня, Дзень горада. За пяць дзён хлопцы і дзяўчаты хочуць наведаць Кобрын, Бярозу, Івацэвічы, Баранавічы, Мір, Стоўбцы, Узду і 1 жніўня вярнуцца ў Менск. Не абмінуць яны і шматлікіх вёсачак.


Паглядзець Вела-прабег у падтрымку Менскага Гейпрайда на мапе вялікага памеру

Пакуль група ЛГБТ-раварыстаў складаецца з 15 чалавек, аднак арганізатары з праваабарончага праекту «ГейБеларусь» заахвочваюць далучацца ўсіх і кожнага.

Каб спадабацца народу

Кіраўнік праваабарончага праекту «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка патлумачыў службе інфармацыі «Белсату», навошта яны хочуць ехаць у самую гушчу малапрыязнага асяродку:

«Велапрабег мы назвалі «Правы ЛГБТ – здароўе ЛГБТ», ён мае на мэце падтрымаць менскі Гейпрайд, які адбудзецца восенню. Мы хочам заахвоціць ЛГБТ-супольнасць да агульных дзеянняў, а таксама пазнаёміць народ з правінцыі з нашым рухам, Гейпрайдам, бо шмат хто ў краіне яшчэ не ведае пра гэта. Хочацца паказаць і расказаць, якія бываюць геі ды лесбіянкі, расказаць пра сапраўднае становішча. Ды хочацца проста адпачыць, паглядзець на беларускія краявіды».

Гэты велапрабег – эксперыментальная ініцыятыва. Раней масавых выездаў у народ прадстаўнікі сексуальных меншасцяў не рабілі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары