Лукашэнка: Самалёт з мядзведзікамі быў «своечасова выяўлены»


Кіраўнік дзяржавы абяцае пакараць вінаватых у інцыдэнце з палётам над Беларуссю шведскага самалёта. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Узброеных сілаў і Дзяржаўнага памежнага камітэту.

«Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасёк мяжу, але і беспакарана ўварваўся на тэрыторыю Беларусі? Бо гэта ў першую чаргу бяспека нашых грамадзянаў», – цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва «БелТА».

«Больш за тое, бо гэты самалёт быў своечасова выяўлены, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Але чаму начальнікі не спынілі гэтага палёту? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў ці памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай мяжы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні».

«Пры гэтым хачу сумленна і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем, і прысутным тут: вінаватыя ў гэтым павінны адказваць. З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся на вашую просьбу. Вы хацелі гэты выпадак уважліва расследаваць. На сённяшні дзень, як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта павінны панесці адказнасць. Максімум у панядзелак мною будзе прынятае рашэнне, у тым ліку і кадравыя рашэнні», – папярэдзіў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў