«Заставайся на «Славянскім базары». Лукашэнку не пусцяць на Алімпіяду ў Лондан


“Славянскі базар” у Віцебску кіраўнік дзяржавы назваў аднойчы “выспаю вальнадумства” ды заявіў, што “Алімпіяда вельмі адстае ад нашага “Базару”. На “адсталую” Алімпіяду не дапусцяць галоўнага спартоўца нашай краіны (Аляксандр Лукашэнка займае пасаду кіраўніка Нацыянальнага Алімпійскага камітэту).

“Прэзідэнт Лукашэнка – у спісе асобаў, якім забаронены ўезд у Еўразвяз з прычыны ягонага ўдзелу ў парушэнні міжнародных стандартаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 19 снежня 2010 г., а таксама далейшага задушэння грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. Гэтая забарона застаецца ў сіле і будзе дзеяць падчас Алімпійскіх гульняў. Рашэнне ў гэтым пытанні не зменіцца”, – паведамілі ў амбасадзе Вялікай Брытаніі ў Беларусі.

У Міжнародным Алімпійскім камітэце заявілі, што пытанне акрэдытацыі высокіх чыноўнікаў уваходзіць у кампетэнцыю мясцовых уладаў, якія вырашаюць, дазволіць ці не дазволіць уезд на тэрыторыю краіны-арганізатара.

Алімпіяда ў Лондане пройдзе з 27 ліпеня да 12 жніўня, цырымонія адкрыцця адбудзецца 27 ліпеня. Паводле звестак брытанскіх медыяў, на адкрыццё Гульняў прыбудзе рэкордная колькасць кіраўнікоў дзяржаваў – прыкладна 120, але не прыедуць “лідары з чорнага спісу Еўразвязу”.

belsat.eu

Стужка навінаў