Сяргей Каваленка падаў прашэнне аб вызваленні


Палітвязень не стаў ужываць слова “памілаванне” і не прызнаў сваёй віны. Паводле сваякоў Каваленкі, якія бачыліся з ім у калоніі, прашэнне выглядала як аркуш з адным радком: “Прашу мяне вызваліць”.

Лекаў для Каваленкі не прынялі

Сваякі Сяргея Каваленкі – жонка з двума дзецьмі, бацька і брат – прыехалі на доўгатэрміновае спатканне з ім. Сёння, пасля заканчэння спаткання, з калоніі выйшлі бацька, брат і маленькая дачка зняволенага.

“Ён адчувае сябе нядрэнна, выглядае нядрэнна. Нічога асабліва яму не баліць, але, тым не менш, лекаў і вітамінаў не дазволілі перадаць. Начальнік медчасткі сказаў, каб дасылалі пасылкаю, а ён ужо будзе разбіраць, што Сяргею трэба, а што – не”, – распавёў Аляксандр Каваленка.

Паводле яго, начальнік медчасткі “агрэсіўна настроены” да ягонага сына. “Напрыклад, падчас узважвання дадае кілаграмы, каб не даць дыетычнага харчавання”, – сцвярджае бацька палітзняволенага.

Злосны парушальнік{movie}Бацька Каваленкі: Чаму Сяргей – “злосны парушальнік”|right|5509{/movie}

Ён таксама адзначыў, што перадачы ягонаму сыну, як “злоснаму парушальніку рэжыму”, забароненыя. Паводле Аляксандра Каваленкі, статус злоснага парушальніка Сяргей атрымаў пасля таго, як адмовіўся мыць прыбіральні. “Ён не захацеў, бо змяняецца статус сярод зняволеных, гэта зневажальна. У іх там свае законы”, – растлумачыў бацька асуджанага.

“Яго спрабавалі іншыя асуджаныя “пастроіць”, але ён такі, што сябе ў крыўду не дасць. Ёсць тыя, хто яго падтрымлівае, але адкрыта мала хто гэта паказвае”, – сказаў Аляксандр Каваленка.

Жонка Каваленкі: Дзякуй за падтрыманне{movie}Алена Каваленка: Дзякуй за салідарнасць|right|5510{/movie}

Цяпер на доўгатэрміновым спатканні з Сяргеем Каваленкам у калоніі ягоная жонка Алена і старэйшы сын зняволенага.

“Вельмі хочам пабачыць Сяргея, вельмі сумуем па ім. Хочацца пабыць, паразмаўляць з родным чалавекам, – падзялілася Алена Каваленка з журналістамі перад тым, як пайсці на спатканне. – Буду распытваць пра ўмовы ўтрымання, што там адбываецца”.

Яна дадала, што адчувае падтрыманне ад іншых людзей. “Ідзеш па горадзе, і людзі пазнаюць, непакояцца пра Сяргея, запытваюцца пра яго. Дзякуй усім грамадзянам Беларусі ды беларусам замежжа, што падтрымліваюць. Гэтая салідарнасць вельмі дапамагла нашай сям’і ў гэты цяжкі час”, – падкрэсліла жонка палітвязня.

Справа Каваленкі

Сяргей Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 г. паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое было вынесенае апазіцыянеру ў траўні 2010 г. за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй елцы Віцебску.

Сёлета ў лютым Каваленку асудзілі на 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля затрымання ён абвесціў галадоўку пратэсту, якая доўжылася прыкладна два месяцы з невялікімі перапынкамі.

belsat.eu

Стужка навінаў