Пракуратура дабралася да кіраўніка гарадзенскага гарвыканкаму


Прадстаўнікі кантралюючых органаў «прайшліся» па начных клубах.

Пракуратура Гарадзенскай вобласці ўнесла старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Барысу Казялкову прадстаўленне пра парушэнне заканадаўства аб культурна-відовішчных мерапрыемствах.

Органы кантролю праверылі, як у горадзе над Нёмнам выконваюць адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі (№ 542 ад 19 кастрычніка 2010 г.) і пастанову Савету Міністраў, што датычыць правядзення дыскатэкаў і працы начных клубаў.

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, асноўныя парушэнні такія: у начных клубах няма відэакамераў і кнопак трывожнай сігналізацыі, якія кіруюць сігнал на пульты дзяжурных міліцыянтаў. З гэтай прычыны, гаворыцца ў папярэджанні, павялічылася колькасць крадзяжоў, выпадкаў хуліганства, а таксама распаўсюду і ўжывання наркотыкаў.

Начныя клубы разам з заламі гульнявых аўтаматаў і гандлёвымі аб’ектамі грамадскага харчавання наведала яшчэ і санітарна-эпідэміялагічная служба. Яна таксама знайшла шмат парушэнняў, сярод якіх – продаж пратэрмінаваных харчоў і нелегальнага алкаголю.

У пракуратуры канстатуюць, што гарвыканкам і адміністрацыі раёнаў гораду не прымалі захадаў, каб палепшыць сітуацыю, і не спынялі дзейнасці юрыдычных асобаў ды індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле прадстаўлення пракуратуры, Барыс Казялкоў мусіць ліквідаваць парушэнні заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць начных клубаў і аб’ектаў грамадскага харчавання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары