Алена Каваленка: дзецям сказала, як ёсць... (Абноўлена)


Жонка палітвязня Сяргея Каваленкі да апошняга сумнявалася, ці не заменяць ім трохдзённае спатканне на карацейшае ўтрая.

Сёння з аднадзённага спаткання са зняволеным у Магілёўскай калоніі № 19 вярнуліся ягоны бацька Аляксандр і брат Віталь. Як паведаміў «Белсату» Аляксандр Каваленка, нявестцы ўсё ж такі дазволілі пабыць з мужам тры дні. Яна прывезла з сабою дзяцей, але ў выніку з бацькамі застаўся толькі сын Валік. Дачку Віку, у якой алергія, пакусалі камары, таму сваякі мусілі яе забраць.

Палітвязню прыпісваюць кілаграмы

Паводле Аляксандра Каваленкі, у сына дагэтуль адчуваюцца наступствы галадоўкі: баляць галава і пячонка. Пры гэтым лекаў, якія прывезлі бацька і брат, кіраўнік медчасткі не ўзяў: маўляў, у Сяргея ёсць усё, што яму трэба. Бацька палітвязня сцвярджае, што апошні “агрэсіўна настроены” ў адносінах да сына. “Да прыкладу, падчас ўзважвання дадае кілаграмы, каб не даць дыетычнага харчавання”, – кажа Аляксандр Каваленка.

Ён таксама адзначыў, што перадачы яго сыну, як «злоснаму парушальніку рэжыму», забароненыя. Па словах Аляксандра Каваленкі, такі статус Сяргей атрымаў пасля таго, як адмовіўся мыць прыбіральні. “Ён не захацеў, таму што мяняецца статус сярод зняволеных, гэта яго зневажае. У іх там свае законы”, – растлумачыў бацька асуджанага.

Плесці сеткі – забаронена

{movie}Алена Каваленка пра спатканне з мужам|left|5506{/movie}Алена Каваленка перад уваходам на тэрыторыю калоніі дала інтэрв’ю «Белсату». Яна прывезла мужу прадукты, адзенне і кнігі. На мінулым тыдні да яе дайшлі чуткі, што Сяргею забаранілі плесці сеткі (ён працаваў дзве гадзіны на дзень), бо ён нібыта «схільны да суіцыду», паколькі так доўга трымаў галадоўку.

Жонка палітвязня сказала, што самаю галоўнаю ягонаю просьбаю было прывезці дзяцей. На пытанне, як яна патлумачыла малым, куды яны едуць, Алена прызналася: «Сказала, як ёсць. Віка, напэўна, яшчэ не разумее. А Валянцін усё ведае». Васьмігадовы сын едзе да бацькі ў калонію ўжо другі раз. Раней ён быў разам за маці на кароткатэрміновым спатканні.

Нагадаем, што Сяргей Каваленка адбывае пакаранне 2 гады і 1 месяц пазбаўлення волі ў магілёўскай калоніі з лютага 2012 года. Яго судзілі паводле абвінавачання ва ўхіленні ад адбывання іншага пакарання – у выглядзе абмежавання волі. Той прысуд атрымаў у траўні 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ялінцы Віцебску. З лютага 2012 года Сяргей Каваленка на знак пратэсту супраць выраку абвесціў галадоўку, якую трымаў прыкладна два месяцы.

belsat.eu

Стужка навінаў