Чалы: банкі не аднаўляюць крэдытаў у валюце, але гэта яшчэ не дэвальвацыя


Эканаміст расшыфраваў пасланне Нацбанку пра забарону на валютнае крэдытаванне насельніцтва і прадказаў імаверную дату дэвальвацыі.

Неадназначная заява

24 ліпеня намеснік старшыні Нацбанку Сяргей Дубкоў зрабіў заяву, якую можна расцаніць як прадказанне хукай дэвальвацыі. Адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення крэдытавання фізічных асобаў у замежнай валюце, Дубкоў адзначыў: «Пад уплывам сусветнага фінансавага крызісу пры праяве дысбалансаў у эканамічным развіцці краіны, напрыклад, якія ўзніклі ў 2011 г., магчымыя значныя непрадказальныя ваганні ўзаемных курсаў замежных валютаў. Гэта вядзе да зніжэння плацежаздольнасці крэдытаатрымальнікаў».
Як растлумачыў Дубкоў, крэдытаванне насельніцтва ў замежнай валюце «ўтрымлівае неапраўдана высокую валютную рызыку і рызыку непагашэння крэдытаў у выпадку павелічэння сумаў плацяжоў да такіх памераў, якія перавышаюць даход крэдытаатрымальніка». Гэта звязанае з тым, што грамадзяне атрымліваюць заработную плату ў беларускіх рублях і «насельніцтва Беларусі, як правіла, не ў поўнай ступені ўсведамляе пералічаныя рызыкі».

Крэдыты асобна, дэвальвацыя асобна

Эканаміст Сяргей Чалы раіць больш уважліва глядзець на заявы чыноўнікаў Нацбанку.

«У далейшай інфармацыі зніклі словы, якія казаў Дубкоў: ваганні курсаў замежных валютаў паміж сабою. Ваганне долара адносна еўра і ўсяго астатняга – гэта тыя рызыкі, якіх нашыя пазычальнікі могуць не ўлічыць. Вось у гэтым і быў сэнс, не было ж размовы пра ваганне беларускага рубля», – тлумачыць Сяргей Чалы словы намесніка старшыні Нацбанку.

Эксперт зазначае, што для насельніцтва немагчымасць узяць крэдыт у валюце не створыць асаблівых праблемаў, а магчыма, наадварот, выратуе ад непрыемнасцяў.

«Усе мы памятаем прыклад Польшчы, калі ўсе бралі іпатэчныя крэдыты ў швейцарскіх франках, бо была самая нізкая стаўка па адсотках. Калі ў 2009-м пачаўся сусветны крызіс і франк рэзка падаражэў, то гэта стварыла сур’ёзную праблему для насельніцтва», – праводзіць паралелі Сяргей Чалы.

Дата дэвальвацыі

Эксперт не расцэньвае сённяшнюю заяву Нацбанку як прагноз блізкай дэвальвацыі. Аднак разам з тым не выключае яе.

«Рабіць прагнозы можна. Разлічвайце, што павышэнне прыбыткаў насельніцтва, якое плануе правесці ўлада, адаб’ецца з часавым лагам (адтэрмінаваннем) на паўгода на спажывецкім рынку ростам долі імпарту і прапарцыйным ціскам на валютны рынак», – кажа ён.

Эксперт мяркуе, што дэвальвацыя магчымая толькі ў наступным годзе, бо фінансавыя ўліванні насельніцтву ўлада плануе рабіць увосень, пад выбары. Значыць, ёсць шанец, што новы 2013 год мы будзем сустракаць з адносна стабільным курсам беларускага рубля.

belsat.eu

Стужка навінаў