Ліпковіч змагаецца з вайсковаю газетаю з дапамогаю пракуратуры і міністэрства


Блогер Яўген Ліпковіч скардзіцца ў Генпракуратуру і Міністэрства інфармацыі на вайсковую газету «Во славу родины». Дзяржаўная газета рэгулярна публікуе артыкулы з выразамі, што абражаюць блогера і ганьбяць ягоную рэпутацыю. У сваю чаргу блогер таксама знайшоў да чаго прычапіцца і просіць органы вынесці выданню афіцыйнае папярэджанне. У Беларусі дастаткова двух папярэджанняў, каб закрыць СМІ.

Першае і апошняе папярэджанне

Падставаю для звароту ў Генпракуратуру і Міністэрства інфармацыі Ліпковіч абраў не газетныя допісы пра сябе (якія аўтар Макараў называе сатырай), а ігнараванне рэдакцыяй права грамадзяніна на абвяржэнне непраўдзівай інфармацыі. Гэтак рэдакцыя парушыла артыкул 44 Закону аб СМІ.

18 ліпеня Яўген Ліпковіч накіраваў заяву з патрабаваннем абвергнуць у газеце непраўдзівыя звесткі. Закон дае рэдакцыям пяць дзён на адказ заяўніку. Аднак 23 ліпеня ні станоўчага, ні адмоўнага адказу Ліпковіч не атрымаў.

«Маё права на абвяржэнне не адпаведных рэчаіснасці і ганебных для гонару і дзелавой рэпутацыі звестак рэдакцыяй газеты «Во славу родины» рэалізаванае не было… Такім чынам прашу даць прававую ацэнку і вынесці афіцыйнае папярэджанне газеце за грубае і наўмыснае парушэнне беларускага заканадаўства», – піша блогер у лісце.

З чаго ўсё пачалося?

Нагадаем, што варожасць паміж газетай і Ліпковічам з’явілася пасля таго, як выданне пачало публікаваць допісы палкоўніка Макарава. Палкоўнік у сваіх артыкулах нібыта помсціць Яўгену Ліпковічу за выпадак гадовай даўніны, калі апошні публічна спаліў кніжкі ягонага – Макарава – таварыша Чаргінца. Канфлікт працягнуўся ў судзе, які прыняў рашэнне на карысць Чаргінца ў справе пра абарону дзелавой рэпутацыі. Спадар Ліпковіч па рэшэнні суда сплаціў штраф 500 тыс. руб. на карысць дзяржавы. Але гэтага было недастаткова, і цяпер палкоўнік Макараў пачаў публікаваць серыю нататак пра Ліпковіча з ганебнымі выразамі.

Помста мусіць быць халоднаю

У інтэрв’ю службе інфармацыі «Белсату» Яўген Ліпковіч не зрабіў акцэнту на мінулых падзеях і цвёрда адзначыў, што пры звароце ў пракуратуру дзее як звычайны грамадзянін.

«Закон, як бы ён не падабаўся, абавязковы для выканання юрыдычнымі асобамі і ўсімі грамадзянамі Беларусі, будзь гэта Ліпковіч, Макараў або Чаргінец. Абавязак кожнага сумленнага, неабыякавага патрыёта накіраваць таго, хто спатыкнуўся, на правільны шлях. У гэтым выпадку спатыкнулася газета «Во славу родины». Я не буду даваць прававых ацэнак. Гэта справа рэгулятара, Мінінфармацыі ды Генпракуратуры. Аднак калі ацэнкі не супадуць з маімі, я пакідаю за сабою права абскардзіць іх праз суд», – расказвае пра далейшыя планы Яўген Ліпковіч.

belsat.eu

Стужка навінаў