Сурапіна пакінулі пад вартаю. Новая крымінальная справа?


Дзесяць дзён, цягам якіх фатографу мусілі выставіць абвінавачанне або адпусціць, скончыліся ўчора, 23 ліпеня. Які лёс чакае Антона Сурапіна, затрыманага КДБ, дагэтуль невядома.

Інфармацыі пра тое, ці выставілі яму абвінавачанне, няма. Паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, чалавек можа чакаць гэтага і 20 дзён, але толькі калі яго падазраюць у асабліва цяжкім злачынстве. Спрыянне перасячэнню мяжы да іх не адносіцца.

Нічога не ведае пра лёс Антона і ягоная маці. Раніцаю 24 ліпеня Алёна Сурапіна прыехала са Слуцку ў Менск, каб аплаціць паслугі адваката, сустрэцца з ім, даведацца ў КДБ, ці прымуць у гэтым месяцы яшчэ адну перадачу для сына.

Эксперты мяркуюць, што калі Сурапіна пакінулі пад вартаю, гэта можа азначаць завядзенне новай крымінальнай справы і, адпаведна, павелічэнне тэрміну, да якога мае быць выстаўленае абвінавачанне.

Яшчэ тры фігуранты справы аб “плюшавым бамбаванні”

17 ліпеня сайт charter97.org паведаміў, што ў справе аб “плюшавым дэсанце” КДБ яшчэ 11 дзён таму затрымаў Сяргея Башарымава, які здаваў кватэры на кароткі тэрмін. Шведы, якія ўдзельнічалі ў акцыі ды страхавалі пілотаў з зямлі, збіраліся зняць у яго жытло, але потым адмянілі бронь, даслаўшы СМС-паведамленне. Башарымаву нібыта выставілі абвінавачанне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.

19 ліпеня з’явілася інфармацыя аб затрыманні працаўнікамі КДБ 16-гадовай Кацярыны Скурат, якая нібыта сфатаграфавала плюшавых мядзведзікаў, скінутых шведамі, і даслала фотаздымкі Сурапіну. Пазней стала вядома, што 16-гадовая дзяўчына на волі: яе дапыталі ў прысутнасці бацькоў і адпусцілі.

22 ліпеня з’явіліся звесткі, што працаўнікі дзяржбяспекі 6 ліпеня затрымалі сяброўку Башарымава Ірыну Лагойку. У СІЗА КДБ дзяўчына правяла суткі, яе адпусцілі пад падпіску пра неразгалошванні таямніцы следства.

КДБ не каментуе

У Цэнтры інфармацыі ды грамадскіх сувязяў Камітэту дзяржбяспекі Беларусі падобных паведамленняў не каментуюць – як, зрэшты, і ўсяго, што тычыцца справы аб “плюшавым бамбаванні”.

Арганізатары акцыі – прадстаўнікі шведскай PR-кампаніі “Studio Total” – заявілі, што пра рыхтаваную акцыю ведалі каля 10 чалавек, і ўсе яны – шведы. Аўтары “плюшавага дэсанту” заклікалі ўлады Беларусі вызваліць невінаватых і заявілі пра гатоўнасць пры неабходнасці прыехаць у Беларусь даць паказанні.

belsat.eu

Стужка навінаў