Іван Амельчанка абвесціў галадоўку


Аўтар нашумелага перформансу «Мусорок» не згодны з адмоваю зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэння яго кандыдатам у дэпутаты і заявіў пра дрэнныя ўмовы ўтрымання.

Амельчанка адбывае адміністратыўнае пакаранне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму. На днях ён сустракаўся з адвакатам, праз якога паведаміў, што абвесціў галадоўку. Ён перадаў скаргу ў ЦВК на адмову акруговай выбарчай камісіі Каліноўскай выбарчай акругі № 108 зарэгістраваць ініцыятыўную групу Амельчанкі для вылучэння яго кандыдатам у дэпутаты. Акрамя таго, стала вядома, што ён пратэстуе супраць умоваў утрымання – у ягонай камеры ўначы вельмі холадна, а спальнік яму перадаць адмовіліся.

Намеснік кіраўніка выбарчага штабу кампаніі «Гавары праўду!» Сяргей Вазняк патлумачыў, што камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Амельчанкі, бо той накіраваў дакументы поштаю, а не з’явіўся асабіста.

У сваёй скарзе Амельчанка адзначае, што ў 2010 г. меў месца прэцэдэнт, калі прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Аляксандр Лукашэнка падаў заяву ў ЦВК на рэгістрацыю не асабіста, а праз кіраўніка групы Аляксандр Радзькова. Тым не менш, ініцыятыўная група была зарэгістраваная. «Лічу, што ў дачыненні маёй ініцыятыўнай групы павінна быць прымененае такое ж правіла», – напісаў актывіст.

На падставе гэтага Амельчанка просіць прызнаць адмову ў рэгістрацыі незаконнай і адмяніць гэтае рашэнне, зарэгістраваўшы ягоную ініцыятыўную групу.

Амельчанку затрымалі раніцаю 17 ліпеня. Каля 11:00 Іван выйшаў з дому на запланаваную сустрэчу, пасля чаго ягоны тэлефон перастаў адказваць. Падобным чынам яго затрымалі 26 чэрвеня і пакаралі адміністратыўным арыштам за брыдкаслоўе на 15 дзён.

Амельчанку даставілі ў суд Ленінскага раёну Менску. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі і прысудзілі да 12 дзён зняволення.

Напярэдадні, 16 ліпеня, Іван Амельчанка разам з актывістамі моладзевага руху «Zмена» правёў прэс-канферэнцыю, на якой абвесціў пра намер узяць удзел у парламенцкіх выбарах. {movie}Маніфест Амельчанкі|right|5480{/movie}

belsat.eu
https://youtu.be/PuENlvZB6Y8

Глядзі таксама
Каментары