Лукашэнка хоча пакінуць у парламенце прынамсі траціну старых дэпутатаў


Кіраўнік Беларусі заявіў сёння, што «фактычна не мае прэтэнзіяў ні да аднаго з дэпутатаў». І разважае над іхным далейшым працаўладкаваннем.

Стабільнасць перш за ўсё

«Стабільнасць у гэтых адносінах, прадказальнасць і павага да дэпутацкага корпусу павінны быць непахісныя, павінны быць захаваныя. Людзі, якія ідуць у парламент працаваць, павінны быць упэўненыя, што не згубяцца ў гэтым жыцці», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго, «парламент – гэта школа». Людзі, якія прайшлі гэтую школу, мяркуе лідар краіны, не павінны быць страчаныя, бо дзяржава выдала на іх адпаведныя сродкі. «І кожны дэпутат павінен быць уладкаваны на працу ў адпаведнасці з ведамі, досведам, ягоным жаданнем», – мяркуе Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі склалася практыка, калі парламент перад абраннем новага складу працягвае прымаць найважнейшыя законы, у тым ліку зацвярджае бюджэт і асноўныя кірункі развіцця краіны на наступны год.

«Таму я папрасіў бы разам з урадам сур’ёзна распрацаваць гэтае пытанне. Адпаведныя даручэнні ўраду дадзеныя, і трэба, каб цяперашнія дэпутаты, – а гэта дасведчаныя людзі, якія ў курсе ўсіх пытанняў, – прынялі бюджэт і асноўныя кірункі развіцця краіны, без якіх немагчымая арганізацыя работы на будучы год», – сказаў ён.

Паўсюль замежныя агенты!

Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банку Надзею Ермакову, заявіў, што «некаторыя замежныя банкі паводзяцца ў Беларусі як сапраўдныя замежныя агенты».

«І ўжо прадпрымальнікі крыўдзіліся на тое, што фінансавая дакументацыя шмат якіх кампаніяў капіюецца і адпраўляецца некаторым заказчыкам. Я правяраў. Гэта сапраўды пацвярджаецца. Таму ў свой час я вас прасіў звярнуць на гэта ўвагу. Якія захады трэба зрабіць? Можа быць, трэба і маё ўмяшанне ў гэтым плане?» – спытаў прэзідэнт.

У сваю чаргу Ермакова адзначыла, што банкі, якія прыйшлі з замежным капіталам, у асноўным расейскім, паспяхова працуюць на беларускім рынку і крэдытуюць эканоміку.

belsat.eu

Стужка навінаў