Народны парламент: на выбары ідуць слесар, кладаўшчык і рабочы


У Пінску праўладнаму кандыдату супрацьстаіць слесар з ЖЭСу. У Гомлі разварушыць палітычную багну збіраецца рабочы з заводу. А па Гомельскай вобласці балатуецца нават кладаўшчык. Што гэта – персанальная палітычная ініцыятыва ці дзеянні марыянетак улады? Каментуе палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Даеш народны парламент!

Пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў у парламент стала зразумела: гэтыя выбары чорна-белымі не будуць. З прадстаўнікамі ўлады за мандаты будуць змагацца не толькі адзінкі апазіцыйных кандыдатаў, якія не абяцаюць байкоту, але і адзінкі вылучэнцаў ад народу. Гэтак, у Пінску на акрузе № 14 вылучаецца слесар з ЖЭСу Аляксандр Чынько. У ягонай камандзе 13 чалавек, якія канкуруюць з 60 сябрамі ініцыятыўнай групы Зінаіды Мандроўскай – дзейснай дэпутаткі ў Палаце прадстаўнікоў.

У Гомельскай вобласці шляхам збору подпісаў збіраюцца вылучацца 47 прэтэндэнтаў па 17 акругах. Каментуючы выбарчы працэс, працаўнік аблвыканкаму Дзмітрый Ражкоў заявіў: «Сярод заяўнікаў – ад кладаўшчыка да дырэктара заводу».

Службе інфармацыі «Белсату» вядома яшчэ пра аднаго народнага вылучэнца. Па гомельскай акрузе № 34 збіраецца балатавацца рабочы заводу, імя якога на ўчастку паведаміць адмовіліся: «Цяпер ідзе збор подпісаў, мы не можам назваць ягонага імя. Вось іх зарэгіструюць кандыдатамі, тады скажам».

Дэкаратыўныя кандыдаты?

Вылучэнне прадстаўнікоў працоўных прафесіяў у парламент выглядае дзівацкім, наіўным і адначасова смелым учынкам. Палітолаг Аляксандр Класкоўскі з прычынаў, што маглі натхніць працоўных на заканатворчую дзейнасць, называе дзве: або гэта прыхаваныя кандыдаты ад улады, або шчырыя, але наіўныя вылучэнцы.

«Гэта могуць быць дэкаратыўныя вылучэнцы, падстаўныя фігуры. Бо ў Беларусі народ дэпалітызаваны, і гэта была наўмысная палітыка ўладаў цягам 18 гадоў. Чалавека адвучылі ад рэальнага ўдзелу ў палітыцы і яшчэ застрашылі на прыкладах апазіцыі. Гэта малаімаверна, што маем справу з такім парывам знізу», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Палітолаг прыгадвае савецкую традыцыю, калі ў парламенце былі вылучэнцы «ад сахі» і перадавая ткачыха, каб было ўражанне народнай улады. Яны імкнуцца паказаць бачнасць канкурэнцыі, аднак апазіцыю амаль дадушылі, нават Лідзія Ярмошына бядуе: у беларускага электарату малы выбар. А Еўропе трэба паказваць, што працуюць канкурэнтныя механізмы, і атрымліваецца штучная нібыта альтэрнатыва. Праўда вырашаць, каго з іх пусціць у парламент, будуць наверсе.

Беларускія Ікары

Аднак пры ўсім скептыцызме палітолаг дапускае, што вылучэнне гэтых людзей можа быць таксама іхнай уласнай ініцыятываю.

«Разам з тым трэба сыходзіць з прэзумпцыі невінаватасці, можна дапусціць, што просты рабацяга пайшоў паспытаць шчасця на выбарах. Цалкам не выключана, што знаходзяцца шчырыя, але не надта абазнаныя ў закулісных палітычных інтрыгах, якія наіўна ірвуцца перарабіць лад жыцця ў Беларусі. Тое, што яны пазіцыянуюць сябе трэцяю сілаю, – гэта натуральна. Незалежная сацыялогія паказвае: народ не дае веры ні ўладзе, ні тытульнай апазіцыі, якая растраціла свой маральны крэдыт. Іншая рэч, што гэтыя спробы асуджаныя ўсё адно на паразу», – прадракае ён.

Выбары – пад каўпаком, вертыкаль імкнецца ўсё кантраляваць, і яе апрыёры нервуе любая самадзейнасць. Нават калі гэты чалавек не радыкал, не экстрэміст і не крычыць «далоў Лукашэнку», усё адно яго будуць пільна адсочваць. На думку эксперта, такія самародкі сістэме не патрэбныя. Аляксандр Класкоўскі праводзіць паралель з кандыдатам на мінулых прэзідэнцкіх выбарах Дзмітрыем Вусам. Ён пазіцыянаваў сябе як абсалютна незалежны вылучэнец, не меў стасункаў з апазіцыяй, аднак і яму не ўдалося пазбегчы турмы КДБ.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары